Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Зэльва: умовы для агітацыйнай кампаніі застаюцца няроўнымі

  • На сустрэчу з кандыдатам М.Караткевічам выбаршчыкі не прыйшлі
    На сустрэчу з кандыдатам М.Караткевічам выбаршчыкі не прыйшлі

На Зэльвеншчыне ўмовы правядзення агітацыйнай кампаніі для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў застаюцца няроўнымі.

Кандыдаты ў дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе №58 Іван Шэга і Міхаіл Караткевіч учора, 4 верасня, наведалі СВК “Караліно” Зэльвенскага раёна, дзе ў мясцовым сельскім клубе ў іх планавалася сустрэча з выбаршчыкамі. На гэты раз кандыдатам у дэпутаты ніхто не перашкаджаў, як гэта было ў СВК “Сынковічы” Зэльвенскага раёна. Але на сустрэчу да кандыдатаў ніхто не прыйшоў.

Замест сваіх аб’яў аб сустрэчы, якія былі вывешаны загадзя, Іван Шэга і Міхаіл Караткевіч убачылі толькі каляровыя афішы кандыдата ў дэпутаты Алы Сопікавай.

Плакаты Алы Сопікавай часта трапляліся і на будынках СГФ “Дабраселецкі” Зэльвенскага  раёна. Яны віселі ўсюды, бо загадам з Зэльвенскага райвыканкама афішы Сопікавай развешвалі загадчыкі клубаў, бібліятэкары, работнікі сельсаветаў, настаўнікі.

Незалежныя назіральнікі запытваліся ў жыхароў вёскі Караліно, чаму яны не прыйшлі на сустрэчу з кандыдатамі ў дэпутаты. Адны вяскоўцы адказалі, што яны пра сустрэчу чуюць упершыню, другія паведамілі, што будзе сустрэча з “жанчынай — будучай дэпутаткай”, трэція прызналіся, што іх папярэдзілі, каб “на сустрэчы з рознымі там кандыдатамі не хадзілі, усё роўна яны дэпутатамі не стануць”. А некалькі мужчын шчыра прызналіся, што “за іх прагаласуюць іншыя”. А адна бабулька, якая сядзела на лаўцы, сказала, што “калі яна пойдзе на сустрэчу з бэнээфаўцамі, то ў яе могуць забраць пенсію”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма