Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бацьку і брата Уладзіміра Трызунова дапыталі невядомыя

У панядзелак, 3 верасня, двое людзей у цывільным з’явіліся дадому да магілёўскага актывіста Уладзіміра Трызунова, аднак не засталі яго дома. Невядомыя не прадставіліся, аднак пачалі дапытваць брата і бацьку актывіста. У прыватнасці, задаваліся пытанні, чым Уладзімір займаецца, дзе працуе, у якой партыі лічыцца сябрам, ці здаваў ён адбіткі пальцаў. Ніякіх позваў з’явіцца ў дзяржаўныя структуры, ці то КДБ, ці то міліцыю яны не пакідалі.

Сам Уладзімір Трызуноў лічыць, што такая ўвага да ягонай асобы звязана з ягонай актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Трэба адзначыць, што менавіта Уладзімір Трызуноў, працуючы звычайным грузчыкам на хлебзаводзе №4, сфатаграфаваў і выклаў у інтэрнэт фотаздымкі расталага маргарыну, якія сталі празмерна папулярнымі ў інтэрнэце. Праз некалькі дзён пасля гэтага Уладзіміра звольнілі з працы нібыта за прагул. Сам актывіст збіраецца судзіцца з прадпрыемствам, бо яго звальненне было неабгрунтаваным.

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма