У Рэчыцы агітацыю вядзе толькі адзін кандыдат
На інфармацыйных стэндах Рэчыцы з’явіліся першыя агітацыйныя плакаты па выбарах у Палату прадстаўнікоў, і належаць яны толькі аднаму з тутэйшых кандыдатаў у дэпутаты. Агітацыйных пікетаў пакуль не відаць.
4 верасня рэчыцкія кандыдаты выступілі з агітацыйнымі прамовамі па Гомельскім абласным тэлебачанні. А ці распаўсюджваюцца друкаваныя агітматэрыялы? Ураджаннямі аб тым, як ідзе агітацыя ў Рэчыцкай выбарчай акрузе, дзеліцца Валерый Пуціцкі – назіральнік у акруговай выбарчай камісіі:
– Расклеены ўжо на вуліцах агітацыйныя ўлёткі ці невялікія плакаты. Пакуль іх мала. І гэта плакаты толькі аднаго кандыдата – Адама Вашкова.
Нагадаем, што ў Рэчыцкай акрузе 3 кандыдаты. Акрамя беспартыйнага А. Вашкова (дырэктар метызнага заводу), гэта беспартыйны ўдзельнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду!” Антон Няфёдаў (намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства) і прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Ігар Каўбаска (эксперт гомельскай ромскай абшчыны).
– З Антонам Няфёдавым я як раз учора размаўляў, – працягвае В. Пуціцкі. – Наколькі зразумеў, ён яшчэ не замовіў свае плакаты. Што тычыцца Ігара Каўбаскі, то гэты кандыдат жыве ў Гомелі, і мне невядома, хто б збіраўся распаўсюджваць у Рэчыцы яго агітацыйныя матэрыялы.
Між тым, з пачатку агітацыйнага перыяду прайшло ўжо 2 тыдні. Гэта амаль палова часу, які адведзены на агітацыю.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма