Колькасць назіральнікаў ад прадзяржаўных арганізацыяў вымяраецца сотнямі
Прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў заявіла пра тое, што вылучае ў назіральнікі за парламенцкімі выбарамі 496 сябраў арганізацыі. Яшчэ больш сябраў прадставяць “Белая русь” і БРСМ. Агулам у Беларусі акрэдытавана 3 690 назіральнікаў.
Федэрацыя прафсаюзаў напачатку выбарчай кампаніі абвесціла пра свае палітычныя амбіцыі. А ўчора прэс-служба ў заяве аб вылучэнні назіральнікаў адзначыла: “Нацыянальны прафцэнтр прыкладзе ўсе намаганні для недапушчэння ў парламент тых, хто заклікаў да ўвядзення эканамічных санкцый у адносінах да нашай краіны, да байкоту беларускіх тавараў”.
Адзначым, што паводле Выбарчага кодэксу РБ гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю і абавязкі назіральнікаў.
Найбольшую колькасць назіральнікаў вылучылі грамадскія аб'яднанні - больш за тры тысячы. Сярод лідэраў ужо
традыцыйна – прадзяржаўныя арганізацыі “Беларускае грамадскае
аб'яднанне ветэранаў” - 800 чалавек, “Белая
Русь” - 707, “Беларускі
рэспубліканскі саюз моладзі” - 615, ФПБ - 496.
Ад палітычных партый у выбарчыя камісіі накіравана
пакуль 189 назіральнікаў,
прычым 182 з іх – сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Да 15 верасня камуністы
абяцаюць вылучыць яшчэ тысячу прадстаўнікоў у назіральнікі.
На прэс-канферэцыі, прысвечанай правядзенню прамежкавых вынікаў выбарчай кампаніі (рэгістрацыі кандыдатаў), праваабаронца Валянцін Стэфановіч заўважыў: “Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пасля кожнай кампаніі рыхтуе канчатковую справаздачу з рэкамендацыямі да органаў, адказных за правядзенне выбараў, па паляпшэнні выбарчага працэсу. Грамадскія арганізацыі і партыі, якія вылучаюць сотнямі сваіх назіральнікаў на выбары, ніякіх падобных дакументаў па выніку выбараў не рыхтуюць. Таму застаецца незразумелай іх дзейнасць”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма