Апаненты Леаніда Аўтухова адмовіліся размаўляць пра выбары і палітвязняў
Вылучэнец ад Партыі БНФ, кандыдат па Віцебскай-Сельскай акрузе №26, Леанід Аўтухоў падаў у выбарчую камісію прапановы, якія тэмы варта абмеркаваць падчас дэбатаў. На думку актывіста, яго апанентам варта было выказацца, ці лічаць яны выбары ў цяперашніх умовах чэснымі і справядлівымі, і ці бачаць яны магчымасць прытоку замежных інвестыцый, калі ў краіне не будзе палітвязняў. Аднак прапанову актывіста не прынялі.
Спадар Аўтухоў распавёў, што падаў спіс прапанаваных тэмаў у акруговую камісію, каб з імі пазнаёмілі іншых кандыдатаў - дырэктара кадэцкай вучэльні Уладзіміра Шыцько і Ігара Цеплякова, вылучэнца ад ЛДП.
"Запіс тэледэбатаў прайшоў 6 верасня, а мае прапановы былі праігнараваныя. Спадар Цеплякоў на дэбаты не з'явіўся, а спадар Шыцько загадзя адмовіўся ад абмеркавання гэтых тэмаў у прыватнай размове. Я мяркую, што кандыдатуру менавіта Уладзіміра Шыцько падтрымліваюць улады, а ўладам такія вострыя тэмы не даспадобы. Навошта ім абмяркоўваць, ці мусяць выбары быць празрыстымі, калі ніводнага сябра Партыі БНФ не дапусцілі ва ўчастковыя камісіі? І навошта гаварыць пра палітвязняў, калі яны не хочуць выпускаць на волю Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Алеся Бяляцкага ды іншых?" – гаворыць Леанід Аўтухоў.
Актывіст падзяліўся сваімі ўражаннямі ад тэледэбатаў з незалежнымі журналістамі. Ягоны апанент Уладзімір Шыцько катэгарычна адмовіўся, спаслаўшыся на ўласную занятасць.
Леанід Аўтухоў кажа, што мяркуе вярнуцца да прапанаваных тэмаў яшчэ раз – падчас запісу радыёдэбатаў 7 верасня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма