“Магілёўскія ведамасці” адцэнзуравалі перадвыбарчую праграму Ліліі Сіваковай
Намеснік галоўнага рэдактара Генадзь Ляхаў выкінуў з тэкста фразу “адзін вырашае за ўсіх” з перадвыбарчай праграмы кандыдата ў дэпутаты ад “Справядлівага свету” па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №86 Ліліі Сіваковай, якая выйшла ў газеце за №91 ад 6 верасня 2012 года. Паводле яго – гэтая фраза выбіваецца з кантэксту і не нясець ніякага сэнсу і не да месца.
“Я была катэгарычна супраць таго, каб выкінуць гэты сказ са сваёй перадвыбарчай праграмы. Я хацела данесці ўсю сваю праграму цалкам да народу, аднак гэтага зрабіць у поўным аб’ёме мне не далі. Намеснік рэдактара сп. Ляхаў пагражаў мне судовай справай у выпадку публікацыі гэтага сказу. Я сказала, што нікога не абражаю, не крыўджу і канкрэтна прозвішча таго “аднаго чалавека” не называю”, - кажа кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №86 Лілія Сівакова. -- Пад паняццем ”адзін чалавек” кожны мае на ўвазе нешта сваё. Я можа быць мела на ўвазе аднаго старшыню праўлаўладнага прафкама, ці аднаго дырэктара завода. Сп.Ляхаў, верагодна, пад гэтым паняццем меў некага іншага”, - працягвае Лілія Сівакова.
Жанчына адзначае, што не давала сваёй згоды на рэдагаванне яе перадвыбарчай праграмы і абяцала вярнуцца да гэтай размовы ў панядзелак, 10 верасня. Подпісу яна свайго не ставіла. Намеснік галоўнага рэдактара болей за паўгадзіны пераконваў Лілію Сівакову і па добраму і з пагрозамі, каб яна адмовілася пісьмова ад гэтай фразы. Нават абяцаў выслаць за ёй машыну, каб яна ўсё падпісала.
“Ён таксама казаў мне, што ў яго “гарыць” выхад нумару, на што я адказала, што мне не гарыць і можаце надрукаваць у наступным нумары. Я думаю, што цэнзура на Магілёўшчыне і пернікам і бізуном не дае магчымасці крытыкаваць уладу”, - кажа кандыдат ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
Тым часам назіральніцы ад АБСЕ Івеце Чэлішвілі сп.Ляхаў паведаміў, што Лілія Сівакова дала дазвол на рэдакцыю яе перадвыбарчай праграмы па тэлефоне. Тым самым ён увёў назіральніцу ў падман. Тым болей, што побач з выкрэслінымі словамі не стаяла асабістага подпісу кандыдата ў дэпутаты.
Лілія Сівакова збіраецца з гэтай нагоды пісаць скаргі ў рэдакцыю газеты “Магілёўскія ведамасці” і ў акруговую выбарчую камісію №86.
“Праваабаронца за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма