Безвыніковыя “дэбаты” кандыдатаў з Брэстчыны
У першых тэлевізійных дэбатах, што паказваліся 5 верасня ў вечаровым эфіры канала “Беларусь-2”, бралі ўдзел тры з пяці кандыдатаў у дэпутаты з Брэсцкай-Памежнай выбарчай акругі №4.
Кожнаму з прэтэндэнтаў адвялі ўсяго па пяць хвілінаў на тое, каб задаць пытанне і адказаць апанентам, а таксама паспець звярнуцца да выбаршчыкаў. Яшчэ прыблізна пяць хвілінаў цягнуўся сюжэт пра тэрыторыю, што трапіла ў межы выбарчай акругі.
Кандыдат у дэпутаты Анатоль Новік, які прадстаўляе Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”, лічыць дэбаты ў прапанаваным фармаце фактычна безвыніковымі. Тым не менш, падчас запісу дэбатаў ён паспеў звярнуць увагу на пагарашэнне сацыяльна-зканамічнай сітуацыі ў Беларусі, пра што сведчыць бесперапынны рост коштаў і высокі ўзровень інфляцыі. У сувязі з гэтым Новік вырашыў аспрэчыць у эфіры заявы свайго апанента ваеннага камісара Брэсцкай вобласці Уладзіміра Базанова.
“Я пракаментаваў выступ кандыдата ад улады, які казаў пра тое, што ў Беларусі трэба захаваць стабільнасць. Але якую стабільнасць? Я супраць, каб у нас былі стабільна нізкія заробкі і пенсіі, стабільны рост коштаў, які адчуваецца практычна кожны дзень”, - зазначыў Анатоль Новік.
Было бачна, што гэтая рэпліка вельмі не спадабалася Уладзіміру Базанову. Ён таксама не здолеў аргументавана адказаць на пытанне, што трэба рабіць, каб спыніць масавы ад’езд у Расію беларускіх афіцэраў, бо вайсковыя пенсіі ў суседняй краіне ў 3-4 разы вышэй, чым у Беларусі.
Яшчэ адзін удзельнік тэледэбатаў – кандыдат Сяргей Маркузаў, які лічыцца дублёрам вылучэнца ад улады, застаўся у эфіры амаль незаўважаным і нават не здолеў выкарыстаць прадастаўлены яму час для звароту да выбаршчыкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма