Магілёў: Адмоўлена ў размяшчэнні агітплакатаў у тралейбусах
Магілёўскі гарэлектратранспарт адмовіў кандыдату ў дэпутаты Леаніду Падбярэцкаму ў размяшчэнні агітацыйных плакатаў у салонах тралейбусаў.
Кандыдат ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Леанід Падбярэцкі, які балатуецца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84, меў намер размясціць свае агітацыйныя плакаты ў тралейбусах на маршрутах №2 і №4, якія ходзяць па яконай акрузе, аднак атрымаў адмову.
Намеснік дырэктара Алена Бычкоўская паведаміла, што тралейбусны парк адмаўляецца гэта рабіць, бо размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты на транспарце не ўваходзіць у спіс дазволеных месцаў.
Жанчына спаслалася на рашэнне гарвыканкаму, у якім вызначаны пералік месцаў, дзе можна размяшчаць агітацыйную прадукцыю і транспарта ў гэтым спісе няма.
Нагадаем, што днямі Леаніду Падбярэцкаму было адмоўлена ў размяшчэнні агітацыйных матэрыялаў у салонах аўтобусаў. Дырэктар аўтобуснага парку №1 сп.Лазарэнка адзначыў, што на ягонай памяці ніхто ніколі такога не рабіў і ён таксама не збіраецца атрымліваць першы вопыт.
Намеснік дырэктара па ідэалогіі сп.Азараў адзначыў, што размяшчаць агітацыйныя матэрыялы ў аўтобусах забаранілі прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва. Паведаміць імя і прозвішча чыноўніка, які даў такі загад, сп.Азараў адмовіўся.
“Праваабаронца за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма