Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рэчыца: “Дняпровец” паведамляе пра кандыдатаў праз 10 дзён пасля рэгістрацыі

Рэчыцкая газета “Дняпровец” апублікавала афіцыйнае паведамленне аб кандыдатах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праз 10 дзён пасля таго, як яны былі зарэгістраваны. Паводле заканадаўства, звесткі аб зарэгістраваных кандыдатах перадаюцца выбарчымі камісіямі ў рэдакцыі СМІ не пазней чым на чацверты дзень пасля рэгістрацыі.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты адбылася 22 жніўня. Такім чынам, акруговая выбарчая камісія павінна была перадаць паведамленне для апублікавання ў СМІ не пазней за 26 жніўня. Гэта прадугледжвае “Каляндарны план па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў”, зацверджаны Цэнтрвыбаркамам.

“Дняпровец” – дзяржаўная газета Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, выдаецца тройчы на тыдзень – па аўторках, чацверах і суботах. Адпаведна, датамі выхаду чарговых нумароў былі аўторак 28 жніўня і чацвер 30 жніўня. Аднак толькі ў суботу 1 верасня ў газеце нарэшце з’явілася інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты па Хойніцкай выбарчай акрузе.

У Рэчыцкім раёне да Хойніцкай выбарчай акругі адносіцца горад Васілевічы, населеныя пункты, якія падпарадкаваны Васілевіцкаму гарсавету, а таксама 12 сельсаветаў. Жыхары гэтай тэрыторыі толькі на дзесяты дзень перыяду перадвыбарчай агітацыі змаглі прачытаць пра тое, хто ў іх з’яўляецца кандыдатамі ў дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма