“Магілёўскія ведамасці” з праграмамі кандыдатаў у шапіках прадаюць па 1-2 асобнікі
Пра гэта паведамляюць кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы. Афіцыйна наклад газеты “Магілёўскія ведамасці” №91 ад 6 верасня 2012 года мае наклад 10 855 асобнікаў. У свабодным жа доступе – адзінкі.
Кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Віталь Макаранка кажа, што ў шапіку “Белсаюздрука” ён здолеў набыць толькі адзін нумар газеты, у якой была надрукавана ягоная праграма.
“Я не паверыў, калі мне прадавачка сказала, што болей “Магілёўскіх ведамасцей” няма. Яна сказала, што гэтым разам ёй прывезлі толькі адзін нумар выдання. У якасці доказу яна паказала нейкую ведамасць. Думаю, што гэта робіцца асэнсавана, каб праграмы дэмакратычных кандыдатаў не дайшлі да народу”, - кажа Віталь Макаранка.
Ягоныя словы пацверджае лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў, які набываў “Магілёўскія ведамасці” у дзень іх выхаду.
“У шапіку “Белсаюздрука” я набыў 2 асобнікі гэтай газеты. У газеце была перадвыбарчая праграма кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леаніда Падбярэцкага, які балатуецца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84. Гэта былі апошнія асобнікі газеты. Болей не было. Калі ўлічыць, што гэта была першая палова дня, калі я іх набываў, то гэта выглядае сапраўды падазрона”, - кажа Ігар Барысаў.
У сувязі з малымі накладамі “Магілёўскіх ведамасцей” у свабодным продажы шэраг апазіцыйных кандыдатаў мае намер пісаць скаргі ў акруговыя выбарчыя камісіі і даводзіць да іх ведама, што наклады дзяржаўных газет далёкія ад дэклараваных.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма