Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: міліцыя канфіскавала ў “Гавары праўду!” тысячы агітулётак і газет

  • Андрэй Дзмітрыеў, прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду!"
    Андрэй Дзмітрыеў, прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду!"

Увечары 6 верасня ў офіс кампаніі “Гавары праўду!” у Мінску прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, нібыта атрымалі на актывістаў скаргу ад суседзяў. Убачыўшы друкаваныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў офісе, міліцыянты канфіскавалі іх для правядзення экспертызы.

Па словах каардынатара выбарчага штаба “Гавары праўду!” Андрэя Дзмітрыева, супрацоўнікі міліцыі правялі ў офісе вопіс маёмасці і перапісалі пашпартныя дадзеныя актывістаў кампаніі, што знаходзіліся там (каля 10 чалавек).

У офісе "Гавары праўду!" пакуль не падлічылі атрыманыя страты, але, як паведаміў Дзмітрыеў, было канфіскавала каля 40 тысяч газет пра кандыдатаў у дэпутаты ад «ГП», каля 15 тысяч асобнікаў «Грамадзянскай дамовы», а таксама плакаты і ўлёткі пра кандыдатаў , дакладная колькасць якіх невядома. Таксама супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі некалькі сотняў паветраных шарыкаў і сцягі з лагатыпам "Гавары праўду!". З тэхнікі, па словах Дзмітрыева, міліцыя забрала толькі сервер. “Яны доўга раіліся, забіраць тэхніку ці не, але потым паступіла каманда пакуль пакінуць”, - распавёў прадстаўнік кампаніі.

Канфіскаваную прадукцыю міліцыянты вывозілі на трох машынах. Усяго ў офіс “Гавары праўду!” прыходзіла сем супрацоўнікаў міліцыі, распавёў Дзмітрыеў.

Ён звязвае ператрус і канфіскацыю з актыўным удзелам “Гавары праўду!” у парламенцкай выбарчай кампаніі. “Мы ва ўсёй Беларусі ад дзвярэй да дзвярэй абыйшлі дзясяткі тысяч кватэр”, - адзначыў ён.

Актывісты “Гавары праўду!” маюць намер накіраваць скаргу ў Генпракуратуру, а таксама запатрабаваць тлумачэнняў, у сувязі з чым у іх офіс прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. “У нас не было незаконнай прадукцыі. Уся прадукцыя ўтрымлівала выходныя дадзеныя, у ёй не было заклікаў да гвалту або звяржэння ўлады і г.д.”, - заявіў Дзмітрыеў.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»



Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма