Маладэчна: разнарадка на колькасць прысутных на сустрэчы з кандыдатам Кулешам
Выбаршыкаў на сустрэчу з кандыдатам па Маладэчанскай сельскай акрузе №73 Станіславам Кулешам збіраюць не толькі праз абвесткі. Адміністрацыя СШ №9, дзе павінна адбыцца сустрэча, “вельмі просіць” педкалектыў прысутнічаць на мерапрыемстве. Таксама існуе разнарадка... на колькасць бацькоў вучняў гэтай школы: з кожнага класа іх павінна прыйсці не менш за 6 чалавек, за што адказныя класныя кіраўнікі.
Пра гэта назіральнікам давялося пачуць як ад супрацоўнікаў школы, так і ад бацькоў вучняў, якія, па зразумелых прычынах, пажадалі застацца ананімнымі.
Такім чынам, акрамя сваёй асноўнай працы, педагогі напачатку навучальнага года вымушаны яшчэ выконваць функцыі выбарчай каманды патрэбных кандыдатаў: распаўсюджваць абвесткі аб мерапрыемствах і забяспечваць яўку гледачоў.
Патэнцыйны дэпутат Станіслаў Кулеш ужо не першы раз дэманструе сваю “добрасумленнасць”. Нагадаем, што яшчэ да рэгістрацыі яго кандыдатам у СШ №9 вісела ўлётка кандыдата, якая раптоўна знікла пасля скаргі назіральніка. На чарговым этапе выбарчай кампаніі Кулешу, як дасведчанаму кіраўніку, відаць, вельмі спатрэбілася яго ўменне працы з кадрамі і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма