Брэст: ЦВК раіць акруговай камісіі змясціць інфармацыю пра даходы кандыдатаў
Такая рэкамендацыя ўтрымліваецца ў лісце за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, які атрымаў незалежны кандыдат па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1 Аляксандр Мельнік.
Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат скардзіўся на тое, што гэтая акруга засталася адзінай у горадзе, дзе на ўчастках для галасавання ў інфармацыйных плакатах, прысвечаных кандыдатам у дэпутаты, няма звестак пра іхнія даходы. Аляксандр Мельнік лічыць, што зроблена гэта акруговай камісіяй наўмысна, бо адзін з прэтэндэнтаў, якога падтрымліваюць улады (гаворка ідзе пра дырэктара Брэсцкага ЦУМа Віктара Валюшыцкага), не жадае агалошваць перад выбаршчыкамі памер свайго заробку, які ў сярэднім складае каля двух тысяч долараў у месяц у беларускіх рублях.
Скарга Мельніка ў акруговы выбаркам плёну не мела, бо там палічылі распаўсюд звестак пра даходы праз інфармацыйныя стэнды немэтазгодным. Разам з тым, нават пасля парады старшыні ЦВК незалежны кандыдат няўпэўнены, што акруговая камісія сапраўды змясціць інфармацыю пра даходы побач з біяграфічнымі звесткамі ўсіх прэтэндэтаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма