Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Ярмошына: “Кандыдаты не выкарыстоўваюць магчымасці для агітацыі, прадастаўленыя дзяржавай”

  • Лідзія Ярмошына
    Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтрвыбаркама падчас прэс-канферэнцыі адзначыла, што толькі адна пятая ад усіх кандыдатаў у дэпутаты актыўна ўдзельнічае ў перадвыбарчай кампаніі. Пры гэтым многія кандыдаты яшчэ не пачалі друкаваць плакаты і ўлёткі, а ў Гродзенскай вобласці не знайшлося ніводнай акругі, дзе хоць бы два кандыдаты пагадзіліся на тэледэбаты.

Сёння былі падведзеныя прамежкавыя вынікі выбарчай кампаніі. Старшыня ЦВК заявіла, што зараз акрэдытавана 7 095 нацыянальных назіральнікаў. Больш за ўсё прадстаўнікоў вылучылі грамадскія арганізацыі –  “Белая Русь” і БРСМ. Сярод партыяў найбольш актыўная Камуністычная партыя Беларусі.

Па стане на 10 верасня ў Цэнтрвыбаркам паступіла 336 скаргаў – на 28 больш, чым падчас выбараў у 2008 годзе. Аднак, па меркаванні Ярмошынай, абгрунтаваныхскаргаў стала меньш ды і сама кампанія з’яўляецца меньш канфліктнай. “Шмат скаргаў дублююць адна адну. Такое ўражанне, што іх разрукоўвалі з аднаго кампутара, бо падаюць іх назіральнікі з адной і той жа арганізацыі, - адзначыла чыноўнік. – Пры гэтым сёлета не паступіла ніводнай скаргі на тое, што прымяняецца так званы адміністрацыйны рэсурс, як на гэта скардзіліся ў 2008-м”.

Колькасць зарэгістраваных кандыдатаў на дадзены момант – 364 чалавек.

Асобна старшыня ЦВК падвяла прамежкавыя вынікі перадвыбарчай агітацыі. Колькасць дэбатаў, якія ўжо трансляваліся на тэлебачанні, - 17. Наперадзе чакаецца яшчэ 14 дэбатаў, пры гэтым у Гродзенскай вобласці, дзе зарэгістраваны 34 кандыдаты, ні на адной акрузе не знайшлося хоць бы двух кандыдатаў, якія б захацелі падыскутаваць у эфіры. 

Пытанні выклікала зняццё з эфіру тэледэбатаў, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі АГП. Лідзія Ярмошына патлумачыла, што ніякага мантажу пры трансляцыі дэбатаў няма. А рашэнне аб тым, пускаць размову ў эфір ці яе здымаць, прымае кіраўніцтва тэлеканалу. У такім выпадку запіс здымаецца цалкам, нават калі толькі адзін кандыдат агітуе выбаршчыкаў не ісці галасаваць.

У ЦВК таксама паступіла 6 скаргаў ад кандыдатаў АГП, якім было адмоўлена ў публікацыі перадвыбарчых праграм у газетах “Звязда” і “Рэспубліка”. Скаргі будзе разглядаць Назіральны савет па інфармацыйных спрэчках пры ЦВК. “Канфлікт у тым, што кандыдаты ад АГП Казлоўскі, Багданкевіч і Лябедзька прадаставілі ў СМІ агульную праграму за трыма подпісамі на 12 тысяч знакаў, тады калі ім прадастаўлялася права кожнаму на праграму на 4 тысячы знакаў. Закон не прадугледжвае агульныя праграмы, пра што кіраўніцтва газет прадтстаўнікам партыі патлумачыла. Пасля чаго яны тэхнічна падзялілі тэкст на тры часткі, завяршаючы яго словамі “працяг чытайце ў праграме кандыдата…”  іншага. Але ім зноў адмовілі, бо прадастаўлялася не асобная публікацыя, а частка агульнай”, - патлумачыла старшыня ЦВК.

Што датычыцца асабістых фінансавых фондаў, то найбольшую актыўнасць пакуль праяўляюць Мінскія кандыдаты – зарэгістравана 16 рахункаў пры 89 кандыдатах. Усяго па краіне 74 кандыдаты адкрылі свае рахункі.

Лідзія Ярмошына пакрытыкавала нізкую актыўнасць кандыдатаў адносна масавых мерапрыемстваў. У шэрагу гарадоў – Баранавічы, Кобрын, Ваўкавыск, Гродна і інш. - наогул няма ніводнага апавяшчэння аб правядзенні пікетаў. Найбольшая актыўнасць у сталічных кандыдатаў – будзе арганізавана 3 218 пікетаў.

Што датычыцца друкаванай прадукцыі, то далёка не ўсе кандыдаты пачалі выпускаць свае ўлёткі і плакаты. Асабліва гэта датычыцца тых кандыдатаў, якія збіраюцца здымацца напярэдадні галасавання. Ярмошына называе прычыну - каб пасля не вяртаць грошы ў бюджэт.

Па меркаванні чыноўніка, кандыдаты недастаткова карыстаюцца тымі прэферэнцыямі для агітацыі, якія ім прадастаўляе дзяржава. Перадвыбарная агітацыя ажыццяўляецца неактыўна, лічыць Ярмошына.

Учора старшыня ЦВК мела сустрэчу з кіраўніцтвам кароткатэрміновых назіральнікаў ад місіі АБСЕ. Сярод пытанняў, якія задавалі назіральнікі, прагучалі наступныя:

- Чаму такое нязначнае прадстаўніцтва апазіцыі ў выбарчых камісіях?

- Чаму ў рэгістрацыі было адмоўлена дасведчанаму палітыку Мілінкевічу?

- Чаму ЦВК палічыла немагчымым агітацыю за байкот у СМІ?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма