Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Хоцімск: кандыдат затрыманы падчас агітацыйнага пікету

  • Валерый Каранкевіч (Хоцімск)
    Валерый Каранкевіч (Хоцімск)

11 верасня ў Хоцімску праводзіў свой першы агітацыйны пікет кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч. Пікет праводзіўся у дазволеным райвыканкамам месцы – на стадыёне гарадскога пасёлка.  Дзесьці у 12-30 пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, якія прымусілі пікетоўшчыкаў згарнуць пікет. Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерый Каранкевіч быў затрыманы і дастаўлены ў Хоцімскі РАУС для дачы тлумачэнняў.

 “Неабходна адзначыць, што гэта наогул практычна бязлюднае месца. Спорт у Хоцімску ў заняпадзе, каля стадыёна пасуцца толькі козы ды коні, - распавядае Валерый Каранкевіч. –  За час пікетавання да нашага пікету падыйшлі літаральна тры чалавекі дарослых. Праўда, некалькі груп дзяцей падыходзіла, бо зацікавіліся. Ну а ў 12-30 пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль і супрацоўнікі міліцыі загадалі нам згарнуць пікет і даставілі ў мясцовы РАУС для дачы тлумачэнняў”.

Пасля таго, як кандыдат у дэпутаты напісаў тлумачальную запіску, супрацоўнікі міліцыі яго адпусцілі.

“Міліцыянеры ў прыватнай гутарцы паведамілі, што кіруючы справамі Хоцімскага райвыканкама Васіль Мітранкоў патэлефанаваў выконваючай абавязкі пракурора Хоцімскага раёна Хучэвай Ірыне Мікалаеўне наконт пікету, ну а тая ўжо падключыла мясцовы РАУС”, - дадаў Каранкевіч.

Па словах кандыдата, ён не здзіўлены такім стаўленнем з боку мясцовых уладаў: “У нас у Хоцімску робіцца ўсё, каб задушыць хоць нейкую альтэрнатыўную думку. Колькі прэсавалі сяброў маёй ініцыятыўнай групы. Ну а майму апаненту, першаму намесніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Краўцову, робяць рэжым найбольшага спрыяння. Учора ён у нашым раёне праводзіў цэлы шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі ў рабочы час. Людзей на гэтыя сустрэчы заганялі па загадзе. Дарэчы, вазілі і суправаджалі яго нашы хоцімскія чыноўнікі на службовых аўтамабілях”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Нагадаем, Валерый Каранкевіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 ад Партыі БНФ і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Ён карыстаецца актыўнай падтрымкай кампаніі “Гавары праўду”.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма