Магілёўскія друкарні адмаўляюцца друкаваць агітулёткі Уладзіміра Шанцава
Праз іх лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі АГП заклікае да байкоту.
Ён лічыць, што выбары ў Беларусі адбываюцца несумленна і толькі праз арганізацыю байкота можна прымусіць уладу дзейнічаць. Толькі тады, калі грамадзяне выкажуць недавер уладзе, чыноўнікі задумаюцца і пойдуць на дыялог з народам.
Уладзімір Шанцаў кажа, што каб не траціць сродкі, выдаткаваныя яму дзяржавай на перадвыбарчую кампанію, ён стварыў свой уласны фонд, што дазволена выбарчым заканадаўствам.
“Я буду здымацца з перадвыбарчай гонкі за некалькі дзён да дня выбараў. У тым выпадку, калі б я патраціў выдаткаваныя на агітацыю дзяржавай сродкі, мусіў бы іх вярнуць, аднак іх браць я адмовіўся. Каб ні ад кога не залежыць, я стварыў свой фонд, у якім хапае сродкаў для друку трох тысяч улётак”, - кажа прадстаўнік АГП.
“Я занёс макет улёткі ў магілёўскую абласную друкарню імя Спірыдона Собаля. Супрацоўнікі друкарні спачатку макет прынялі, аднак, калі я ўжо быў у банку, каб перавесці ім сродкі на рахунак, то яны патэлефанавалі мне і адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ім забаранілі. Я прыйшоў да іх і папрасіў, каб мне далі пісьмовы адказ, аднак гэтае патрабаванне яны праігнаравалі”, - кажа Уладзімір Шанцаў.
Пасля дзяржаўнай друкарні магілёўскі спікер АГП звярнуўся ў прыватную друкарню.
“Там у мяне макет прынялі, аднак сказалі, што ператэлефануюць і паведамяць, калі надрукуюць. Там таксама мне паведамілі, што ў іх шмат заказаў і друк маёй прадукцыі можа расцягнуцца на нейкі час. Лічу, што і гэтай друкарні далі негалосны загад не пускаць у масы ўлёткі з заклікам да байкоту. Верагодней за ўсё, я застануся без перадвыбарчай агітацыйнай прадукцыі”, - адзначае апазіцыйны кандыдат.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма