Бяроза: “Маяк” адмовіўся друкаваць праграму кандыдата ад АГП
Галоўны рэдактар Бярозаўскай раённай газеты “Маяк” Аляксандр Іваноў канчаткова адмовіўся друкаваць праграму кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АГП Аляксандра Кабанава.
Хаця ў пісьмовым адказе, які атрымаў кандыдат, Іваноў піша, што Кабанаву ніхто не адмаўляў, толькі былі прад’яўленыя патрабаванні, на выкананні якіх настойвае выбарчае заканадаўства. Рэдактар Іваноў спасылаецца на артыкул 155 Выбарчага кодэкса РБ, указваючы, што Кабанаву трэба было змяніць назву праграмы: “Лукашэнка – гэта тупік. Выхад з тупіка – сумленныя выбары” на “Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандр Кабанаў”. На такую замену Кабанаў не пагадзіўся. Але галоўная прычына непублікацыі абазначана, як ён лічыць, напрыканцы адказу рэдактара: “таксама мы лічым не да месца негатыўнае ўпамінанне ў вашай праграме кіраўніка дзяржавы”.
Дарэчы, як кажа кандыдат Кабанаў, не да твару галоўнаму рэдактару прышпільваць артыкул 155 да сваіх апраўданняў, паколькі арт 155 утрымлівае тлумачэнні асноўных тэрмінаў, выкарыстаных у Выбарчым кодэксе.
Копію адказу рэдактара Іванова кандыдат у дэпутаты прадставіў назіральнікам місіі АБСЕ. Аляксандр Кабанаў будзе абскарджваць рашэнне Іванова ў судзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма