Уладзімір Целяпун: Што дазволена міжнароднаму назіральніку - забаронена нацыянальнаму
Азнаёміўшыся з прамежкавай справаздачай па назіранні за выбарчай
кампаніяй місіі ад СНД, мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун, спачылаючыся
на асабісты досвед доўгатэрміновага назіральніка, адзначае, што не ўсё так “спакойна”
і “ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам”, як пішуць прадстаўнікі місіі.
У прамежкавай справаздачы назіральнай місіі СНД, як
паведамляе БЕЛТА, паведамляецца, што
выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць спакойна, у адпаведнасці з Выбарчым
кодэксам. Таксама адзначаецца, што “назіральнікам выдалася магчымасць
азнаёміцца з пратаколамі паседжанняў камісіі, дакументамі, якія тычацца
выбарчай кампаніі, паразмаўляць з сябрамі камісіі”.
“Але ж гэта тычыцца толькі міжнарожных назіральнікаў!, - заўважае праваабаронца. - Ці так лёгка атрымаць інфармацыю пра ход выбарчай кампаніі нацыянальнаму доўгатэрміноваму назіральніку?”
У адказ на гэтае пытанне Уладзімір Целяпун узгадвае, што яму падчас бягучай парламенцкай кампаніі неаднаразова давялося сутыкнуцца з парушэннем артыкула 13 Выбарчага кодэкса, у якім гаворыцца, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна.
Як прыклад праваабаронца прыводзіць, атрыманы адмоўны адказ ад М.Н. Пашынскага, старшыні АВК Мазырскай выбарчай акругі №42, на свой зварот аб прадастаўленні яму як назіральніку магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі праверкі даставернасці подпісаў у падпісных лістах асоб, якія вылучаліся ў кандыдаты ў дэпутаты, а таксама з дакументамі асоб, якія прадаставілі дакументы аб вылучэнні ў акруговую камісію. У лісце-адказе Пашынскі звярнуў увагу назіральніка на тое, што “ў адпаведнасці з артыкулам 68 ВК РБ дадзеным правам валодаюць асобы, якія былі вылучаны ў кандыдаты”.
- Нацыянальныя назіральнікі могуць атрымліваць інфармацыю толькі падчас правядзення паседжанняў выбарчых камісій. Аднак яны пазбаўлены магчымасці ўдакладніць, спраўдзіць інфармацыю, агучаную на паседжанні, - кажа Уладзімір Целяпун.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма