Рэчыца: кандыдату не надрукуюць увесь наклад улётак, бо “зламаецца прынтар”
Дзяржаўнае паліграфічнае прадпрыемства “Тытул” ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці адмовілася друкаваць 10 тысяч агітацыйных улётак мясцоваму кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Антону Няфёдаву. Сказалі, што надрукуюць толькі 5 тысяч.
Антон Няфёдаў, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Рэчыцкай выбарчай акрузе, планаваў замовіць 10 тысяч агітацыйных улётак. Рэчыцкая выбарчая акруга № 44 ахоплівае большую частку Рэчыцкага раёна і налічвае 61 710 выбаршчыкаў. Калі распаўсюджваць агітацыйны матэрыял па паштовых скрынях з разліку адна ўлётка на два-тры выбаршчыкі, то 10-ці тысяч хапіла б прыкладна на палову кватэр.
Друкарскія працы ў Рэчыцы выконвае камунальнае паліграфічнае ўнітарнае прадпрыемства “Тытул”, якое падпарадкоўваецца райвыканкаму. У “Тытуле” А. Няфёдаву сказалі, што 10 тысяч экзэмпляраў прадпрыемства не надрукуе, таму што з-за такой колькасці “зламаецца прынтар”. Замест гэтага заказ прынялі толькі на 5 тысяч. Аб гэтым паведаміў Валерый Пуціцкі, назіральнік у Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі, які меў размову з А. Няфёдавым.
З пачатку агітацыйнага перыяду ў Рэчыцы распаўсюджваюцца агітацыйныя матэрыялы кандыдата ад улады - дырэктара метызнага заводу Адама Вашкова. Відавочна, прынтары пры друкаванні ягоных матэрыялаў не ламаліся.
На здымку:
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў А. Няфёдаў (здымак з агітацыйнай улёткі).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма