Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Апазіцыйныя кандыдаты працягваюць задаваць пытанні пра палітвязняў

Падчас тэледэбатаў на тэлеканале “Беларусь-2” Станіслаў Багданкевіч (АГП) і Андрэй Дзмітрыеў (“Гавары праўду”) запыталі ў старшыні Мінскага гарсавету Міхаіла Савановіча, ці збіраецца ён спрыяць вызваленню палітвязняў, калі стане дэпутатам. На што чыноўнік адказаў: “У нас няма палітвязняў, а ёсць крымінальнікі”.

Ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, што бярэ ўдзелу парламенцкай кампаніі, каб праз інфармацыйную блакаду прарвацца ў 5-хвілінны эфір і распавесці выбаршчыкам пра эканамічную сітуацыю ў краіны і магчымыя механізмы фальсіфікацыі выбараў. Выбары павінны быць легітымныя, каб захоўвалася Канстытуцыя. У ёй запісана, што не дапускаецца манапалізацыя СМІ і цэнзура. Аднак нават нашы выступы праходзяць цэнзуру ў ЦВК. Гэта грубае парушэнне канстытуцыйнай нормы. Па канстытуцыі палітычныя партыі маюць права выкарыстоўваць дзяржаўнае тэлебачаньне, радыё, СМІ. Аднак за апошнія 18 гадоў я і мае калегі з апазыцыі ніводнага разу не змаглі скарыстацца гэтым правам”, - адзначыў кандыдат.

Інтарэсы кандыдата Таццяны Караткевіч падчас дэбатаў прадстаўляў сябра яе ініцыятыўнай групы і паплечнік па грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў. Ён задаў пытанне праўладнаму кандыдату Міхаілу Савановічу адносна палітвязняў у Беларусі: “Гэта б’е па іміджы краіны, гэта перашкаджае развівацца краіне, пачаць перамены, гэта відавочна б’е па іміджы ўлады. Паводле апытанняў, сёння людзі супраць наяўнасці палітвязняў. Калі вас прызначаць у парламент, што вы канкрэтна зробіце, каб не было палітвязняў і ў краіне пачаліся перамены? Ці будзеце вы садзейнічаць вызваленню іх з турмаў?”

Адказ старшыні Мінгарсавета Савановіча быў кароткім: У нас палітвязняў няма, ёсць крымінальнікі. Я быў у снежні мінулага году на плошчы і бачыў, як там усё адбывалася. Я лічу, што вельмі правільна зрабілі, што прыцягнулі да крымінальнай адказнасці асобаў, якія штурмавалі Дом ураду”.

Станіслаў Багданкевіч заўважыў на гэта, што тады не ўсё ў парадку ў краіне, дзе народ вылучае “крымінальнікаў” у прэзідэнты, нагадваючы, што апанентаў Лукашэнкі адразу пасля галасавання ў снежні 2012 года затрымалі і змясцілі ў турму.

Андрэй Дзмітрыеў паказаў партрэты палітвязняў, адзначыўшы: “Гэта людзі, якія хочуць служыць сваёй краіне. Але ў іх іншае бачанне, таму яны ў турме”.

Міхаіл Савановіч напрыканцы эфіру заклікаў выбаршчыкаў не давяраць апазіцыі і прыходзіць на выбары 23 снежня. Адносна палітвязняў ён дадаў: “Вядома, можна казаць, што гэта палітвязні. Але я выразна бачыў таго ж Статкевіча, які крычаў і заклікаў ісці на штурм Дома ўраду”.

Багданкевіч заклікаў выбарцаў не маўчаць, а змагацца за свае правы, за захаванне ў краіне канстытуцыйнай законнасці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма