У Акцябрскім раёне пра выбары не інфармуюць
Практычна не асвятляе выбарчую кампанію ў Акцябрскім раёне сайт мясцовай дзяржаўнай газеты. За два з паловай месяцы падрыхтоўкі да выбараў змешчаны адзін мясцовы матэрыял на гэту тэму, ды і той – рашэнне райвыканкама. Затое кошт за размяшчэнне агітацыі тут у два разы вышэйшы ў параўнанні з суседнімі раёнамі.
Акцябрскі раён уваходзіць у Калінкавіцкую выбарчую акругу № 41. На сайце акцябрскай газеты “Чырвоны кастрычнік” існуе раздзел “Насустрач выбарам”. Аднак амаль усё, што змешчана ў гэтым раздзеле – гэта паведамленні БЕЛТА аб выбарчай кампаніі ў маштабах Гомельскай вобласці ці краіны.
За больш чым 2,5 месяцы падрыхтоўкі да выбараў на сайце “Чырвонага кастрычніка” змешчаны адзін матэрыял, які тычыцца менавіта Акцябрскага раёна: рашэнне Акцябрскага райвыканкама аб вызначэнні месцаў для агітацыі. Аднак гэтае рашэнне ёсць і на сайце райвыканкама.
А дзе ж уласная інфармацыйная прадукцыя “Чырвонага кастрычніка”? Як вылучаліся кандыдаты ў дэпутаты? Ці вёўся збор подпісаў за іх вылучэнне ў Акцябрскім раёне? Які настрой у мясцовага насельніцтва напярэдадні выбараў? Пра гэта чытачы сайта не даведаюцца. На сайце можна азнаёміцца з праграмамі двух кандыдатаў у дэпутаты - Аляксандра Удодава (на здымку) і Віктара Назаранкі.
Пры тыражы газеты ў 2 600 экземпляраў, “Чырвоны кастрычнік” за размяшчэнне платных агітацыйных матэрыялаў вызначыў кошт 6 080 рублёў за 1 кв. см. Для параўнання: у Светлагорскім раёне газета (тыраж 5 тыс.) просіць за гэта 3 000 руб., у Рэчыцкім (тыраж 12 тыс.) – 2 800, у Калінкавіцкім (тыраж 7 тыс.) – 2 200.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма