Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рыгор Кастусёў падаў скаргу ў ЦВК

  • Рыгор Кастусёў
    Рыгор Кастусёў

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 11 верасня падаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам “на незаконнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу кандыдатам у дэпутаты Агеевым А.В”. Як патлумачыў Р. Кастусёў, чыннікам для падачы скаргі ў Цэнтрвыбаркам паслужыла тое, што акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі № 90 да гэтага часу не разгледзела сумесную скаргу кандыдатаў у дэпутаты Рыгора Кастусёва і Зінаіды Мілешчанкі на тое, што кандыдат у дэпутаты па гэтай жа акрузе, намеснік старшыні КДК Беларусі Аляксандр Агееў сістэматычна незаконна выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.

“Наша сумесная з Зінаідай Мілешчанка скарга на дзеянні спадара Агеева не разгледжана акруговай камісіяй Шклоўскай выбарчай акругі № 90 да гэтага часу, - распавядае Рыгор Кастусёў. - На мой паўторны зварот сакратар камісіі адказала, што наша скарга будзе разглядацца праз 10 дзён з той прычыны, што камісіі быццам бы неабходны дадатковы час, каб правесці расследванні па выкладзеных фактах. Лічу гэты адказ неабгрунтаваным і надуманым. Бо пры тых паўнамоцтвах, якія ёсць у акруговай камісіі, праверыць факты парушэнняў дастаткова некалькіх гадзін. Таму ў сваёй скарге я прашу Цэнтрвыбаркам:

 1. Адмяніць рэгістрацыю кандыдата ў дэпутаты НС РБ Агеева ў сувязі з сістэматычным незаконным выкарыстаннем адміністрацыйнага ресурса.

2. Даць пісьмовы матываваны адказ на мой  адрас.

3. Своечасова загадзя паведаміць мне дату і час паседжання Цэнтральнай выбарчай камісіі па разглядзе маёй скаргі”.

Раней 5 верасня ў скарзе ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90 кандыдаты ў дэпутат Рыгор Кастусёў і Зінаіда Мілешчанка прыводзілі канкрэтныя факты парушэнняў з боку Аляксандра Агеева, які ўжо пасля рэгістрацыі ў якасці кандыдата як намеснік старшыні КДК Беларусі 23 жніўня праводзіў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Круглянскага раёна. 24 жніўня намеснік старшыні КДК Аляксандр Агееў прыняў удзел у педагагічнай канферэнцыі ў Бялынічах, яго здымак быў змешчаны на першай старонцы раённай газеты “Зара над Друццю”.

Па словах Рыгора Кастусёва, парушэнні з боку кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Агеева працягваюцца і зараз, з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса намесніку старшыні КДК арганізоўваюць сустрэчы на прадпрыемствах і ў арганізацыях у раёнах, якія ўваходзяць у Шклоўскую выбарчую акругу № 90.

Нагадаем, што раніцай 11 верасня кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва спрабавалі не пусціць на сустрэчу з выбаршчыкамі, якую арганізавалі ў бялыніцкім сыраробным цэху ААТ “Бабулін гладыш” для кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Агеева.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма