У Магілёве вулічнай агітацыяй займаюцца толькі актывісты “Гавары праўду”
Каманды іншых кандыдатаў у дэпутаты, як праўладных, так і апазіцыйных, устрымліваюцца ад пікетаў, акцый і раздачы ўлётак на вуліцах горада.
Праўладныя кандыдаты ў дэпутаты праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, аднак спіс гэтых сустрэч з месцамі і датамі для апазіцыйных кандыдатаў недаступны.
Плакаты і ўлёткі некаторых кандыдатаў можна ўбачыць толькі на дошках абвестак і “пад шклом” у розных крамах горада.
Такая сітуацыя і не дзіўная, бо большасць апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты маюць намер зняцца за некалькі дзён да выбараў і каб не вяртаць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на вядзенне агітацыйнай кампаніі, яны іх не трацяць. Тыя ж кандыдаты, якія не будуць здымаць свае кандыдатуры перад выбарамі, не маюць дастатковых фінансавых і людскіх рэсурсаў для вядзення паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі.
У адрозную ад большасці апазіцыйных кандыдатаў сітуацыю патрапіў Уладзімір Шанцаў, які вылучаецца па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85. Ён стварыў свой уласны фонд і вырашыў траціць грошы з яго, а не браць тое, што дае на выбары дзяржава. Аднак, ягоныя ўлёткі адмаўляюцца друкаваць як дзяржаўныя, так і прыватныя друкарні, бо ў іх ён заклікае да байкоту.
Кандыдат у дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і кампаніі “Гавары праўду” Леанід Падбярэцкі, які балатуецца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе, адзначае, што графік пікетаў і разнастайных акцый распісаны да самога дня выбараў.
“Мы праяўляем крэатыўнасць і кожны дзень робім нешта новае. Адзін дзень выстаўляем тэматычны пікет, скажам, “За новы курс”, другі дзень сустракаемся з прадпрымальнікамі на рынку горада і гэтак далей. Усе пікеты і акцыі мы праводзім цэнтралізава па ўсёй краіне. У гэтым моц каманды. Тут ты адчуваеш сябе яе часткай і працуеш на перамогу”, - кажа Леанід Падбярэцкі.
Штодзённымі акцыямі можа пахваліцца і кандыдатка ў дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №87 Аксана Закрэўская, якая таксама з’яўляецца актывісткай кампаніі “Гавары праўду”.
“Мы таксама выстаўляем пікеты і праводзіў улётачныя акцыі. Учора, напрыклад, раздавалі ўлёткі на прыпынку завода “Хімвалакно”, сёння - на рынках. Для людзей сапраўды дзіўна, што сам кандыдат займаецца агітацыяй і ён не баіцца людзей і сам перад імі. Шмат хто, карыстаючыся магчымасцю, можа паразмаўляць, падзяліцца ўражаннямі і выказаць словы падтрымкі. Гэта тая форма агітацыі, якая дзейнічае”, - кажа Аксана Закрэўская.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма