Ярмошына заявіла, што прагаласавала б за кандыдата Дзевятоўскага
Заяву старшыні ЦВК можна разглядаць як схаваную агітацыю. Паводле заканадаўства сябры выбарчых камісіяў мусяць быць бесстароннімі да ўсіх кандыдатаў.
Падчас онлайн канферэнцыі агенцыі БЕЛТА старшыня ЦВК на пытанне, ці пералічыла б яна сродкі ў выбарчы фонд кагосьці з кандыдатаў, адказала: “Тыя кандыдаты, за якіх бы я прагаласавала, у фондах не маюць патрэбы. За імі стаіць нармальная арганізацыйная падтрымка. Думаю, што яны без грошай са сваёй пазнавальнасцю, вядомасцю здольныя перамагчы на выбарах. Магу назваць аднаго кандыдата, за якога я б прагаласавала і які мне вельмі падабаецца, але адразу ж кажу, што ён праходзіць не па маёй выбарчай акрузе. Не буду называць прозвішча. Вы здагадаецеся хто гэта. Гэта вельмі вядомы спартовец”.
Сярод 364 зарэгістраваных у Беларусі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ёсць толькі адзін вядомы спартовец – гэта Вадзім Дзевятоўскі, які балатуецца па Наваполацкай выбарчай акрузе №25. За ім стаіць РГА “Белая Русь”. Вылучаўся грамадзянамі шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі ААТ «Базіс-Наваполацк», УАЗ «Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца», ААТ «Нафтан». Працуе інструктарам 1-й катэгорыі вайсковай часкі 5448 Міністэрства Унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Па выбарчай акрузе разам з ім балатуюцца Яраслаў Берніковіч (“Гавары праўду”), Фёдар Пуцілаў (ЛДП), Дзмітрый Якаўлеў (АГП).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма