Ад імя кандыдата ў Адміністрацыю прэзідэнта дасланы “падстаўны” ліст
Сёння кандыдат у дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Зінаіда Мілешчанка атрымала ліст з Адміністрацыі прэзідэнта, у якім паведамлялася пра тое, што “ваша скарга адпраўлена для разгляду ў Магілёўскі аблвыканкам”. Гэты ліст вельмі здзівіў Зінаіду Мілешчанка, бо ніякіх скаргаў у Адміністрацыю яна не накіроўвала.
“Я вельмі здзівілася і адразу ж патэлефанавала ў Адміністрацыю прэзідэнта па нумары, які быў указаны ў гэтым лісце, - распавядае Зінаіда Уладзіміраўна. – Чыноўнік, які падняў трубку, паведаміў мне, што сапраўды ад майго імя прыйшла скарга на тое, што ў Круглянскім раёне раскрадаюць мясцовае РайСТА. Скарга была калектыўная, і супрацоўнік Адміністрацыі сказаў, што ў іх склалася ўражанне, што большая частка подпісаў за людзей зроблена адной рукой. Адзінае, што ў гэтай скарзе было не так указана маё імя па бацьку, замест Уладзіміраўны было напісана “Міхайлаўна”. Па словах чыноўніка, гэта невядома адкуль з’явіўшаяся “скарга” была перанакіраваная для далейшага разгляду ў Магілёўскі аблвыканкам. Калі я патлумачыла, што ніякіх лістоў у Адміністрацыю прэзідэнта не пісала, і ведаю, што, калі пытанне сапраўды хочаш вырашыць, патрэбна захоўваць паслядоўнасць – пісаць у райвыканкам, аблвыканкам і г д., а таксама сказала, што з’яўляюся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, мой суразмоўца выказаў меркаванне, што мяне проста хацелі нейкім чынам “падставіць”, указаўшы маё прозвішча і адрас. Ён адзначыў, што подпісы там сапраўды незразумелыя, хутчэй за ўсё і інфармацыя можа быць несапраўднай”.
Зінаіда Мілешчанка не выключае, што з’яўленне гэтай незразумелай скаргі сапраўды з’яўляецца спробай дыскрэдытаваць яе як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Я мяркую, што гэта спроба дыскрэдытаваць мяне як кандыдата ў дэпутаты, інакш навошта ў лісце ў Адміністрацыю падрабляць подпісы. Яе супрацоўнік паабяцаў мне разабрацца і даць канкрэтны адказ”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма