Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Клімавічы: першы агітацыйны пікет забаранілі

12 верасня ў Клімавічах, у Цэнтральным парку, з’явіўся першы агітацыйны пікет за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерыя Каранкевіча, сябра Партыі БНФ, які таксама карыстаецца падтрымкай кампаніі “Гавары праўду”.

“Да нас падыходзіла даволі шмат людзей, цікавіліся самымі рознымі пытаннямі. Сумна, але многія з жыхароў Клімавіч нават не ведалі, што ў краіне адбываецца выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. Некаторыя не маглі адказаць на пытанне, дзе яны будуць галасаваць, хоць пра выбары ведалі, аднак не мелі ўяўлення, дзе знаходзіцца іх выбарчы ўчастак”, - распавядае кандыдат.

Па яго словах, у параўнанні з Хоцімскам у Клімавічах быў проста “разгул дэмакратыі”: “Пікетаваць тут дазволена ў розных месцах, прычым там, дзе рэальна ходзяць людзі, вывешваць агітацыйныя матэрыялы таксама можна шмат дзе”.

Аднак пазней да пікетоўшчыкаў падышла начальнік ідэалагічнага аддзела Клімавіцкага райвыканкама Марыя Андрэеўна Пракопчык, якая пацікавілася, чаму ў пікеце выкарыстоўваюцца сцягі кампаніі “Гавары праўду”, калі кандыдат ад Партыі БНФ.

“Я патлумачыў, што вылучаўся не толькі ад партыі, але і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, актыўна ўдзельнічаю ў дзейнасці “Гавары праўду”. Пасля гэтага чыноўніца сышла, аднак недзе пасля 15-00 яна з’явілася зноў і загадала спыніць правядзенне пікету, інакш прыгразілася выклікаць міліцыю, - кажа кндыдат. - Чыннікам для гэтага яна назвала тое, што мы не падалі пісьмовае ўведамленне ў райвыканкам аб правядзенні пікетавання”.

Па словах Каранкевіча, такая аргументацыя абурыла яго:

“На мінулым тыдні мая давераная асоба Аляксандр Балобін хадзіў у райвыканкам, каб падаць такое ўведамленне, і гэта ж чыноўніца запэўніла яго, што раз ён папярэдзіў, то можа праводзіць пікет без усялякага ўведамлення, праблем не будзе. Больш за тое, тое ж самае сёння раніцай Марыя Пракопчык сказала мне асабіста, калі я прыйшоў ёй паведаміць аб правядзенні пікету. Ну а пасля таго, як яна пабачыла, што да пікету падходзіць вельмі шмат людзей, яе меркаванні чамусьці змяніліся і яна правядзенне пікету забараніла”.

Пікетоўшчыкі выканалі патрабаванні чыноўніцы і згарнулі пікет. “Бо мне не хацелася зноў апынуцца ў міліцыі і даваць пісьмовыя тлумачэнні, як учора ў Хоцімску. Цікавыя ў нас выбары адбываюцца…”- зазначыў кандыдат.

Па словах спадара Каранкевіча, сённяшні пікет у Клімавічах ён лічыць паспяховым. І, нягледзячы на прэсінг з боку ўладаў, бліжэйшым часам сябры яго каманды арганізуюць перадвыбарчыя пікеты ў Крычаве, Клімавічах і Хоцімску.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма