Клімавічы: Кандыдат паскардзіўся ў пракуратуру
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч падаў скаргу пракурору Клімавіцкага раёна Аляксандру Землякову на дзеянні начальніка ідэалагічнага аддзела Клімавіцкага райвыканкама Марыі Пракопчык, якая забараніла правядзенне агітацыйнага пікету ў падтрымку кандыдата ў дазволеным рашэннем райвыканкама месцы. Адначасова з Валерыем Каранкевічам скаргу ў пракуратуру на Марыю Пракопчык падаў і давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, актывіст кампаніі “Гавары праўду” з Клімавіч Аляксандр Балобін.
“ Учора вечарам я і мая давераная асоба Аляксандр Балобін наведалі пракуратуру Клімавіцкага раёна і перадалі скаргі на дзеянні начальніка ідэалагічнага аддзелу Клімавіцкага райвыканкама Марыі Пракопчык, якая забараніла правядзенне агітацыйнага пікету ў маю падтрымку, асабіста пракурору раёна Аляксандру Землякову, - распавядае Аляксандр Каранкевіч. – Мяне вельмі ўзрушылі дзеянні Марыі Пракопчык, якая спачатку сказала Аляксандру Балобіну і мне, што не трэба ніякіх пісьмовых уведамленняў аб правядзенні пікетавання, дастаткова таго, што вы мяне папярэдзілі, рабіце пікет у любым дазволеным згодна рашэнню райвыканкама месцы, ніякіх праблем не будзе. Ну а пасля гэта ж чыноўніца забараняе правядзенне пікету, бо яе пісьмова не папярэдзілі. Цырк, ды і толькі, бо і Аляксандр Балобін, і я сам спрабавалі гэта зрабіць, аднак Марыя Андрэеўна ўсё казала, што рабіце пікет, праблем не будзе. Зараз складваецца такое ўражанне, што, альбо Марыя Пракопчык ад самага пачатку хацела нас нейкім чынам падставіць, альбо яна з’яўляецца абсалютна некампетэнтнай у пытаннях, звязаных з правядзеннем выбараў. Пракурор Клімавіцкага раёна Аляксандр Землякоў нашы скаргі прыняў і паабяцаў разабрацца”.
Па словах Валерыя Каранкевіча, зараз ён кансультуецца з праваабаронцамі наконт падрыхтоўкі адпаведных скарг у акруговую выбарчую камісію. Не выключана, што Валерый Каранкевіч будзе падаваць у акруговую камісію і ЦВК скаргі на дзеянні іншага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83, першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, які напоўніцу выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.
“ Уладзімір Краўцоў паўсюдна праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў працоўны час, раённыя чыноўнікі возяць яго на службовым транспарце, праводзяць агітацыю за вялікага начальніка на прадпрыемствах і ў арганізацыях, і тут ні ідэолагі, ні акруговая камісія ніякіх парушэнняў не бачаць. Прызначылі б яго адразу дэпутатам, не рабілі б “паказуху” з гэтымі выбарамі, ды і ўсё”, - кажа Валерый Каранкевіч.
Валерый Каранкевіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, таксама ён карыстаецца падтрымкай кампаніі “Гавары праўду”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма