Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Полацк: старшыня акруговай камісіі выступіў “сакратаром” кандыдата

  • Старшыня Полацкага гарсавета дэпутатаў Наталля Гуйвік (у цэнтры)
    Старшыня Полацкага гарсавета дэпутатаў Наталля Гуйвік (у цэнтры)

Назіральнік па Полацкай гарадской выбарчай акрузе № 28 Юрый Бельскі падаў у полацкую пракуратуру скаргу на дзеянні старшыні акруговай выбарчай камісіі Лёдзія Лысенка.

Падчас сустрэчы Наталлі Гуйвік з выбаршчыкамі ў СШ № 16 Лёдзій Аляксандравіч не толькі прадставіў прысутным кандыдата, але і па яе просьбе запісваў дадзеныя тых з прысутных, якія звярталіся да кандыдата з канкрэтнымі праблемамі. Паколькі ў цяперашні час Наталля Гуйвік з'яўляецца старшынёй Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў, яна сапраўды ў стане вырашыць пэўныя мясцовыя праблемы, што і паабяцала зрабіць выбаршчыкам.

Юрый Бельскі лічыць такія дзеянні старшыні акруговай камісіі формай агітацыі за кандыдата, паколькі на сустрэчы прысутнічалі і давераныя асобы Гуйвік, якія маглі б самі і прадставіць яе, і зрабіць неабходныя запісы.

На сустрэчах з іншымі кандыдатамі сябры акруговай камісіі заўсёды прысутнічаюць, але ў прадстаўленні кандыдатаў не прымаюць удзелу, адзначае назіральнік.
 
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»



Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма