Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бялынічы: альтэрнатыўных кандыдатаў на дыскусію пра выбары раённая газета не запрасіла

Калі да выбараў у Палату прастаўнікоў засталіся лічаныя дні, у бялыніцкай раённай газеце “Зара над Друццю”, нарэшце, пачалі з’яўляцца ўласныя матэрыялы, прысвечаныя гэтай палітычнай падзеі.

Дагэтуль газета аддавала перавагу перадрукоўцы матэрыялаў БЕЛТА і інфармацыйных паведамленняў акруговай камісіі. Складвалася ўражанне, што галоўнымі дзеючымі асобамі на парламенцкіх выбарах з’яўляюцца не кандыдаты ў дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, куды ўваходзіць Бялыніцкі раён, а старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і яе сакратар Мікалай Лазавік.

У апошнім нумары “Зары над Друццю” (№ 70 ад 12 верасня 2012 г.) надрукаваныя тры ўласных матэрыялы выбарчай тэматыкі. У першым з іх, пад назвай “Кандыдаты агітуюць”, рэдактар газеты Міхась Карпечанка паведаміў пра тое, што 11 верасня “кандыдаты ў дэпутаты Аляксандр Агееў і Рыгор Кастусёў сустракаліся з працоўным калектывам Бялыніцкага цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабулін гладыш”. Праўда, шаноўны Міхась Аляксеевіч чамусьці забыўся ўзгадаць, што кандыдату ў дэпутаты ад Партыі БНФ Рыгору Кастусёву на сустрэчу з выбаршчыкамі давялося прарывацца літаральна з боем, чаму рэдактар “Зары над Друццю” сам быў сведкам. Не адзначыў ён чамусьці і тое, колькі часу далі дэмакратычнаму кандыдату на выступ …

У іншых публікацыях паведамляецца пра пасяджэнне дыскусійнага клуба на тэму выбараў, які адбудзецца ў рэдакцыі “Зары над Друццю” 13 верасня, а таксама пра правядзенне на базе Савецкага ўчастка для галасавання № 1 Шклоўскай выбарчай акругі № 90 трэнінга-нарады для кіраўніцтва ўчастковых выбарчых камісій па “мадэляванні і вырашэнні гіпатэтычных сітуацый, якія могуць узнікнуць на выбарчых участках”. Дарэчы, менавіта на гэтым выбарчым участку на парламенцкіх выбарах у 2008 годзе давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва, сябры Партыі БНФ Алег Мяцеліца і Андрэй Ісаенка, зафіксавалі ўкід выбарчых бюлютэняў у скрыню для датэрміновага галасавання, на што была пададзена скарга ў пракуратуру… Так што кіраўніцтву ўчастковых камісій ёсць чаму павучыцца…

Цікава таксама, што на пасяджэнне дыскусійнага клуба ў рэдакцыю газеты “Зара над Друццю” запрасілі толькі людзей, лаяльных да дзеючай улады. Між тым, для журналістаў раённага выдання не з’яўляецца сакрэтам, што на тэрыторыі Бялыніцкага раёна пражывае шэраг давераных асобаў альтэрнатыўных кандыдатаў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, ды і сам кандыдат у дэпутаты Рыгор Кастусёў зараз часова пражывае на малой радзіме, у вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. Аднак іх удзел у дыскусіі, відаць, не палічылі патрэбным…

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма