Пінск: абмежаванні на размяшчэнне нагляднай агітацыі адбіліся хіба што на праўладнай кандыдатцы
На сённяшні дзень у Пінску з’явіліся толькі “афіцыйныя” плакаты кандыдатаў у дэпутаты выключна на выбарчых участках.
Магчыма, выбарчыя ўчасткі застануцца адзінымі месцамі, дзе пінчукі пабачаць друкаваную прадукцыю сваіх кандыдатаў, бо гарадскія чыноўнікі строга абмежавалі месцы, у якіх можна вывешваць перадвыбарчыя плакаты і ўлёткі. Акрамя выбарчых участкаў, гэта дазволена на інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў, гандлёвых аб’ектаў, ЖЭСаў, бібліятэк і рынкаў - то бок, унутры памяшканняў.
Зараз, падобна, чынавенскія абмежаванні могуць больш замінаць праўладнай кандыдатцы Зінаідзе Мандроўскай, паколькі яе канкурэнт Аляксандар Рамановіч будзе здымацца з выбараў і таму вырашыў не марнаваць час і грошы на друк і размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў.
Сёння, каб больш даведацца аб сваіх кандыдатах, выбарцам неабходна прыходзіць на выбарчыя ўчасткі Пінскай гарадской выбарчай акругі №14 - менавіта там з’явіліся адмысловыя стэнды з плакатамі, на якіх размешчаны фотаздымкі з кароткай біяграфіяй дзеючага дэпутата ПП НС Зінаіды Мандроўскай і старшыні Пінскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандра Рамановіча, якія па гэтай акрузе балатуюцца ў ніжнюю палату парламента.
На вуліцы плакаты можна вывешваць толькі на рэкламных тумбах, якіх у горадзе не больш за дзесятак. Ды і на іх плакатаў і ўлётак праўладнай кандыдаткі не відаць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма