Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: на трэнінгах для УВК працэдура падліку галасоў не разглядаецца

  • Трэнінг для УВК у Бялынічах падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010
    Трэнінг для УВК у Бялынічах падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010

Пра гэта паведамляюць незалежныя назіральнікі, якія прысутнічалі на навучальных мерапрыемствах 12 верасня.

Акруговыя камісіі №84-87 падвышалі ўзровень ведаў сябраў участковых камісій, выконваючы адпаведную пастанову Цэнтрвыбаркама. Незалежныя назіральнікі былі запрошаны на ўсе трэнінгі, якія праходзілі ў Магілёве.

Праваабаронца Барыс Бухель прысутнічаў на трэнінгу, які праводзіўся прадстаўнікамі акруговай выбарчай камісіі №87.

“На трэнінгу прысутнічала член Цэнтрвыбаркаму Таццяна Белаблоцкая. Вёў трэнінг старшыня акруговай выбарчай камісіі Аляксандр Кажэмякін. Ён чытаў сцэнар трэнінга, зацверджаны Цэнтрвыбаркамам, і сябры камісій удзельнічалі ў ролевай гульне, якая адбывалася на базе ўчастковай выбарчай камісіі, што размешчана ў сярэдняй школе №6, - распавядае Б.Бухель. - Падчас трэнінгу стала вядома, што назіральнікі не маюць права фатаграфаваць падлік галасоў, гэта могуць рабіць толькі прадстаўнікі СМІ. У той жа час на трэнінгу, які сумесна праводзілі сябры акруговых камісій №84 і №85, было паведамлена, што назіральнікам можна дазволіць фатаграфаваць”, - кажа Барыс Бухель.

Ад іншых назіральнікў праваабаронцу таксама вядома, што сябры АВК №84 і №85 падчас трэнігу працэдуру падліку галасоў нават не разглядалі.

“Верагодна, працэдуру падліку галасоў не разглядалі за непатрэбнасцю. Бо даўно ўжо вядома, што ў Беларусі галасы не лічаць. Гэта сведчыць пра тое, што псіхалагічна на падсвядомым узроўні ўсё кіраўніцтва камісій даўно не лічыць патрэбным лічыць бюлетэні. Акрамя таго, сумленна лічыць бюлетэні – гэта небяспечы занятак”, - гаворыць Барыс Бухель.

Назіральніца па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №86 Наталля Самахвалава адзначае, што падчас трэнінгу яе незаўважылі.

“Старшыня АВК №86 Марына Снытко адзначыла, што ў сувязі з тым, што ў зале няма назіральнікаў, у тым ліку ад СНД і АБСЕ, трэнінг будзе адбывацца па спрошчанай праграме. Старшыня камісіі падчас ролевай гульні выказвала пагардлівае стаўленне як да міліцыянтаў, якія мусяць прысутнічаць на ўчастку, так і да назіральнікаў. Было загадана апошнім не даваць ніякіх звестак. Іх можна даваць толькі міжнародным назіральнікам. І фактычна было загадана ствараць разнастайныя перашкоды “звычайным” назіральнікам. Калі ж у рэшце рэшт мяне заўважылі, то сцэнар ролевай гульні змяніўся – непрыхаванай знявагі болей не было ”, - кажа Наталля Самахвалава.

“Праваабаронцы за свабодыя выбары” 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма