Магілёў: кандыдатка дамаглася павелічэння колькасці месцаў для агітацыі
Кандыдатка ў дэпутаты па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе №87 Аксана Закрэўская падала адпаведную заяву ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна горада і мясцовыя ўлады пайшлі ёй насустрач.
Дагэтуль пікет яна магла выстаўляць толькі ў адзіным месцы ў горадзе – у двары дома №14б па вуліцы Чалюскінцаў. Іншых месцаў для гэтага прадугледжана не было.
“Гэта істотна сказвалася на эфектыўнасці агітацыі, паколькі я не магла выстаўляць пікеты каля людных месцаў. Цяпер гэтае пытанне часткова вырашана – мне дадалі яшчэ пяць пляцовак. Чатыры з іх знаходзяцца каля гандлёвых цэнтраў і крамаў, а адна - каля рынку”, - кажа Аксана Закрэўская.
Яна адзначае, што першапачаткова, калі ў вуснай форме звярталася да прадстаўнікоў адміністрацыі раёна, то ёй адмаўлялі, а потым, калі разабраліся, то зразумелі, што ў іншых раёнах горада такіх пляцовак у сярэднім чатыры-пяць.
Леанід Падбярэцкі, кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84, які таксама балатуецца пры падтрымцы “Гавары праўду”, спрабаваў замяніць існуючыя бязлюдныя пляцоўкі на больш людныя.
“Адпаведную заяву я падаваў у акруговую выбарчую камісію №84. Тыя месцы, якія мне прапанаваны для правядзення масавых мерапрыемстваў, фактычна бязлюдныя. Каля спорткомплекса “Алімпіец” амаль ніхто не ходзіць. Каля палаца культуры “Магатэкс” людна толькі калі ідуць на працу альбо вяртаюцца дадому. Я прасіў, каб гэтыя пляцоўкі былі заменены на іншыя - напрыклад, на пляцоўку каля крамы “Еўраопт”, што на вуліцы 30-год Перамогі, аднак мне далі зразумець, што гэта зрабіць немагчыма, і паабяцалі даць пісьмовы адказ. Таму мы выбралі больш люднае месца - каля гандлёвага цэнтру “Крыніца”, дзе і праводзім нашыя пікеты”, - кажа Леанід Падбярэцкі.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што пры зацвярджэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў акруговая выбарчая камісія №87 спрацавала “неахайна”:
“Атрымалася, што на тэрыторыі Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №86 такіх месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў было пяць, а на тэрыторыі Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акругі №87 - усяго адно. Гэта можа сведчыць толькі пра тое, што акруговая камісія неахайна выканала свае абавязкі па ўзгадненні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў з адміністрацыяй раёна”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма