Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Пінская міліцыя рыхтуецца да забурэнняў?

Міліцыя Пінскага раёна праінфармавала грамадзян аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і аб адказнасці за парушэнне гэтага парадку. Акрамя таго, пінчукоў праінфармавалі аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку.

Падобна, што ў Пінскім раёне мясцовыя ўлады рыхтуюцца да масавых забурэнняў і праз СМІ  пытаюцца ўздзейнічаць на іх удзельнікаў. Такую выснову можна зрабіць з з тэксту заявы Пінскага РАУС.

Пінскі РАУС размесціў на сайце раённай газеты “Полесская правда” вялікую заяву, у якой падрабязна апісаны ўсе дзеянні, якія могуць здзяйсняць супрацоўнікі міліцыі падчас правядзенння масавых мерапрыемстваў, а менавіта: агарожваць месцы правядзеня мерапрыемстваў, рабіць фота-відэа здымкі ўдзельнікаў мерапрыемства, усталёўваць прапускны рэжым, патрабаваць ад грамадзян пакінуць месца правядзення мерапрыемства і праводзіць асабісты дагляд грамадзян.

 Потым апісаны дзеянні, якія забараняюцца пад час масавых мерапрыемстваў, то бок: перашкаджаць руху транспарту і пешаходаў і працы арганізацыяў і ўстановаў, уздзейнічаць у любой форме на супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, мець пры сабе зброю, выбухоўку і іх муляжы, карыстацца сімволікай і плакатамі, змест якіх можа нанесці шкоду грамадскаму парадку і інтарэсам і правам грамадзян, удзельнічаць у мерапрыемстве пад уздзеяннем алкаголю і наркотыкаў.

І напрыканцы заявы міліцыянты зрабілі выпіскі з адміністратыўнага і крымінальнага кодэксаў Беларусі. А менавіта:

нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, зневажальнае прыставанне да грамадзян і іншыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый і спакой грамадзян. За гэта можна атрымаць штраф да 30 базавых велычыняў, альбо арышт да 15 сутак.

Непапарадкаванне законнаму распаражэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў вядзе да штрафу да 50 базавых велічыняў ці да адміністратыўнага арышту.

Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне  маёмасці ў буйным памеры прывядуць да крымінальнай адказнасці і тэрміну да двух гадоў абмежавання волі, а пры абцяжарваючых абставінах – да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Наўмысныя і цынічныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і адлюстроўваюць яўную непавагу да грамадства і якія суправаджаюцца гвалтам, ці пагрозай яго прымянення, альбо знішчэннем ці пашкоджаннем  маёмасці караюцца да 3 год пазбаўлення волі, а пры абцяжарваючых абставінах да 10 гадоў.

Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і аказанне непапарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, ці дзеянняў, з-за якіх была парушана праца транспарта, арганізацыяў і прадпрыемстваў, ці актыўны ўдзел у такіх дзеяннях без абцяжарваючых абставінаў цягне за сабою крымінальную адказнасць і тэрмін да 3 год пазбаўлення волі.

Цікава, што ў Пінскім раёне ў бліжэйшы час ніякіх грандыёзных масавых мерапрыемстваў не прадбачыцца, таму навошта было месціць на сайце афіцыйнага выдання такую пагрозлівую заяву?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма