Мінск: кандыдата ад «Справядлівага свету» не пусцілі ні на тэлебачанне, ні на радыё, ні ў газету
Кандыдат у дэпутаты ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Віктар Буры не змог прадставіць выбаршчыкам сваю перадвыбарчую праграму ні на беларускім тэлебачанні, ні на радыё, ні ў дзяржаўнай газеце.
Выступ В.Бурага па тэлебачанні павінны былі трансляваць на тэлеканале «Беларусь 2» ўвечары 3 верасня, аднак запіс у эфір не прайшоў.
Па словах кандыдата, у сваім тэлевыступе ён хацеў расказаць беларусам пра фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2008 года, аб якіх ён даведаўся падчас працы назіральнікам на выбарчым участку ў Калодзішчах.
Інфармацыю пра фальсіфікацыі кандыдат спрабаваў данесці да насельніцтва Беларусі і падчас радыёвыступу, але ўжо з агучваннем канкрэтных прозвішчаў. Выступ Бурага на радыё «Сталіца» быў запланаваны на 12 верасня, аднак, па словах кандыдата, яго «забыліся запрасіць на запіс».
«Яны сказалі, што ўсіх папярэджвалі, але ў мяне не было прапушчаных званкоў», - адзначыў ён.
З газеты «Рэспубліка» кандыдату прыйшоў ліст аб адмове ў публікацыі перадвыбарчай праграмы ў сувязі з тым, што дасланы Бурым тэкст, на думку рэдакцыі, не з'яўляецца агітацыйным, а ўяўляе сабой проста выказванне яго пункту гледжання па некаторых пытаннях. «Хоць у законе няма шаблона, як павінна весціся агітацыя», - абурыўся Буры.
У тэксце, прызначаным для публікацыі ў газеце, кандыдат прапаноўваў унесці змены ў выбарчым заканадаўстве ў частцы правядзення датэрміновага галасавання. Акрамя таго, згодна з праграмай Бурага, «кожны зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты любога ўзроўню павінен мець права дэлегаваць у склад кожнай участковай камісіі аднаго свайго прадстаўніка ў якасці яе паўнапраўнага члена».
14 верасня Віктар Буры мае намер падаць заяву ў акруговую камісію аб сваім
зняцці з выбараў.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма