Назіральнікаў на трэнінгі для ўчастковых камісій не запрасілі
Трэнінг для членаў участковых камісій па салігорскіх гарадской і сельскай выбарчых акругах прайшоў без удзелу незалежных назіральнікаў. Гэта ўжо не першы выпадак, калі важныя перадвыбарчыя працэдуры на Салігоршчыне адбываюцца без кантролю з боку грамадскасці. У ліпені прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту доўгі час не маглі патрапіць на паседжанні акруговых камісіяў. Назіральнікаў наўпрост падманвалі з датай іх правядзення. Пасля шэрагу публікацый на гэту тэматыку ў незалежных СМІ салігорскім назіральнікам БХК было паабяцана кожны раз паведамляць аб дакладных датах і часе наступных мерапрыемстваў акруговых камісій. Зрэшты, паведамлення аб правядзенні трэнінгаў для членаў участковых камісіяў назіральнікі так і не атрымалі.
На думку мясцовых праваабаронцаў, гэткія адносіны да незележных назіральнікаў з’яўляюцца чарговым сведчаннем пераўтварэння выбарчага працэсу ў дзяржаўную таямніцу. Нягледзячы на фактычнае ігнараванне прынцыпу адкрытасці і галоснасці падчас выбарчага працэсу ў салігорскім рэгіёне, некаторыя сумныя акалічнасці становяцца вядомымі нават з публічных крыніц. У інтэрв’ю Салігорскаму тэлеканалу старшыня Салігорскай сельскай выбарчай камісіі Таццяна Ярота раскрыла асноўную таямніцу неабходнасці правядзення трэнінгаў. Аказваецца, падчас працы ўчастковых камісій “некаторыя назіральнікі могуць павесці сябе непрадказальна”, і камісіям бывае “цяжка прыняць правільнае рашэнне”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма