Больш за 15 друкарняў адмовілі кандыдатам ад Партыі БНФ у друку агітацыйных улётак
Каля 15 прыватных і некалькі дзяржаўных друкарняў адмовіліся друкаваць улёткі кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ.
Па інфармацыі прэсавай службы партыі, частка прыватных друкарняў спасылалася на вялікую загружанасць і прапаноўвала надрукаваць матэрыялы толькі пасля 25 верасня.
Дзяржаўныя друкарні тлумачылі адмовы іншымі прычынамі, адзначае прэс-служба. Напрыклад, прадстаўнік паліграфічнага камбінату імя Якуба Коласа паведаміў, што з-за тэхнічных характарыстык абсталявання яны могуць надрукаваць выбарчыя ўлёткі накладам не менш за 500 тыс. асобнікаў. Ён таксама звярнуў ўвагу, што выбарчага фонду кандыдата не хопіць на аплату такога накладу, а менш яны друкаваць не могуць.
Шмат дзяржаўных друкарняў спасылаліся на тое, што занятыя друкам дзённікаў. Усе магчымасці Мінскай фабрыкі каляровага друку на дадзены момант скіраваныя на друк раней атрыманых замоваў. Прадстаўнікі фабрыкі паўтарылі выраз аб магчымасці друку толькі праз пэўны час, фактычна -- пасля даты меркаванага зняцця кандыдатаў, паведамілі ў партыі.
Толькі некалькі кандыдатаў здолелі на месцах дамовіцца на лічбавы друк, які значна даражэйшы за афсэт, і вырабіць абмежаваным накладам свае выбарчыя ўлёткі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма