Брэст: кандыдат засведчыў, што вызначаныя месцы не прыдатныя да агітацыі (фота)
Ігар Маслоўскі, які вылучаны кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2 ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), вырашаў на ўласны досвед пераканацца, што месцы, якія гарвыканкам вызначыў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, не могуць быць выкарыстаны падчас агітацыйнай кампаніі.
Адным з такіх месцаў на тэрыторыі выбарчай акругі з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”, які агароджаны бетонным плотам, другім - увогуле непадрыхтаваная для такіх мерапрыемстваў спартыўная пляцоўка Цэнтру алімпійскага рэзерву па футболу. “Яшчэ напачатку агітацыйнай кампаніі я падрыхтаваў скаргу ў Брэсцкі аблвыканкам на рашэнне гарвыканкама, а таксама накіраваў яе ў Цэнтрвыбаркам, - нагадвае Ігар Маслоўскі. - З адказу ЦВК вынікае, што ёсць усе неабходныя ўмовы для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі на тэрыторыі акругі. Мы наведалі з мэтай пікетавання вызначаныя месцы для агітацыі і, прастаяўшы на кожнай з пляцовак каля 20 хвілін, не распаўсюдзілі ні воднай перадвыбарчай улёткі, бо гэтая тэрыторыя знаходзіцца далёка ад месцаў, дзе жывуць людзі”.
Кандыдат у дэпутататы зазначыў, што падрыхтаваў новы зварот да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, каб тая дала адказ, як можна праводзіць актыўную агітацыйную кампанію, калі ў вызначаных уладамі месцах няма для каго распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма