У Пінску перад датэрміновым галасаваннем актывізаваліся СМІ
Дзяржаўныя газеты “Пінскі веснік” і “Полесская правда” змясцілі на сваіх старонках паведамленні аб тым, што 18 верасня пачнецца датэрміновае галасаванне. Чытачам падрабязна тлумачаць, што неабходна рабіць, каб прагаласаваць датэрмінова, і якія трэба мець пры сабе дакументы.
Акрамя таго, у газетах апублікаваны зварот гарадской ветэранскай арганізацыі да 30 тысяч ветэранаў вайны, узброеных сіл, МУС, культуры, працы, спорта - іх заклікаюць актыўна прыняць удзел у выбарах і галасаваць за сур’ёзных кандыдатаў у парламент.
На першых палосах кожнага нумара газетаў пачала з’яўляцца інфармацыя з адваротным адлікам дзён да пачатка галасавання. Падобная інфармацыя змешчана і на сайце Пінскага гарвыканкама.
Газета “Пінскі веснік”, апісваючы працу грамадскай прыёмнай арганізацыі “Белая русь”, падкрэсліла, што зараз там месціцца перадвыбарчы штаб Зінаіды Мандроўскай, якая балатуецца па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14.
На мясцовых тэлеканалах “Пінск” і “Варяг” прайшлі сюжэты, у якіх старшыня акруговай выбарчай камісіі па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 Ігар Берасцень тлумачыць працэдуру датэрміовага галасавання і асаблівасці галасавання студэнтаў і выбарцаў на закрытых выбарчых участках.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма