Рэчыца: агітацыйныя матэрыялы ў недазволеным месцы (фота)
Згодна заканадаўству, рэчыцкі райвыканкам вызначыў месцы, дзе можна размяшчаць агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аднак агітацыйныя плакаты кандыдата Адама Вашкова можна сустрэць і ў забароненых месцах.
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў мясцовыя райвыканкамы павінны вызначаць адмысловыя месцы. Паводле кодэксу, райвыканкамы могуць забараняць размяшчаць агітматэрыялы ў іншых месцах.
У Рэчыцы месцы для размяшчэння агітацыйных матэрылаў на перыяд сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў вызначаны рашэннем райвыканкама № 1858 ад 6 жніўня 2012 года. У рашэнні даецца спіс стэндаў на вуліцах, дзе можна размяшчаць агітацыйныя плакаты ці ўлёткі. Акрамя гэтых стэндаў, гаворыцца ў рашэнні, агітацыю можна вывешваць на ўваходах у гандлёвыя прадпрыемствы.
Гэтым жа рашэннем забаронена размяшчаць агітацыйныя матэрыялы ў месцах, якія не прадугледжаны ў спісе.
Тым не меньш, агітацыю кандыдата ў дэпутаты, дырэктара Рэчыцкага метызнага заводу Адама Вашкова можна сустрэць і ў забароненых месцах, як на здымку – тут улётка кандыдата вывешана на стэндзе ў памяшканні раённай паліклінікі.
Рашэнне райвыканкама вызначае, што захады па недапушчэнню размяшчэння агітацыі ў забароненых месцах павінен рабіць раённы аддзел унутраных спраў (начальнік – Андрэй Сілкоў), а кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены таксама на начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталлю Маркаву. Ці адрэагуюць яны на парушэнне выбарчага заканадаўства з боку кандыдата?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма