Віцебск: кандыдат Вадзім Кузьмін скардзіцца на ўмовы агітацыйнай кампаніі
Яго канкурэнт па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе – намеснік начальніка Віцебскага аддзялення беларускай чыгункі Сяргей Бохан. "Таму з улёткамі і плакатамі ў падведамасныя ўстановы мы вырашылі нават не хадзіць, бо нават у крамах нам адмаўляюць," – вымушаны канстатаваць кандыдат.
Вайсковы пенсіянер Вадзім Кузьмін, вылучэнец партыі левых "Справядлівы свет", ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бярэ ўдзел у выбарах упершыню. І ён уражаны, з якімі цяжкасцямі даводзіцца рабіць самыя простыя, здавалася б, рэчы – разносіць па ўстановах і арганізацыях свае агітацыйныя ўлёткі:
"Чыгунка для мяне ўвогуле закрытая: там мае ўлёткі браць катэгарычна адмаўляюцца, нават у ведамасных інтэрнатах і ОРС-аўскіх крамах. Паказваю дазвол на размяшчэнне, кажуць: "Нам гэта не дазвол! І пачынаюць тэлефанаваць кіраўніцтву. Адзін службовец з чыгункі мне ўвогуле заявіў: "Запішыцеся да мяне на прыём у прыёмныя дні, тады будзем вырашаць наконт вашага плаката". На ўзгадненне, каб размясціць улётку, сыходзіць ад дзьвюх гадзін да двух дзён. Усё ўзгадняюць ці то з кіраўніцтвам чыгункі, ці то з раённай адміністрацыяй".
Спадар Кузьмін скардзіўся ў акруговую камісію. Але там, паводле ягоных словаў, прапанавалі "неяк вырашаць пытанні самому". Таму давялося напісаць заяву ў пракуратуру – пра перашкоды ягонай кандыдацкай працы.
Улёткі ж ягонага канкурэнта, намесніка начальніка Віцебскага аддзялення беларускай чыгункі Сяргея Бохана, вісяць паўсюдна.
"Прычым трох відаў - з партрэтам спадара Бохана, і з абяцаннямі ды праграмай. А з намі ніхто нават не хоча размаўляць", - кажа Вадзім Кузьмін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма