Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Крычаў: Кандыдат патрабуе пазбавіць рэгістрацыі апанента

  • Валерый Каранкевіч
    Валерый Каранкевіч

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч 17 верасня падаў у Цэнтрвыбаркам на імя яго старшыні Лідзіі Ярмошынай скаргу на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу іншым кандыдатам у дэпутаты па Крычаўскай акрузе, першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. У скарзе прыводзяцца факты правядзення Уладзімірам Краўцовым сустрэч з выбаршчыкамі на прадпрыемствах Хоцімскага раёна ў працоўны час. Таксама кажацца і пра тое, што сустрэчы спадару Краўцову арганізоўвалі падначаленыя яму работнікі Хоцімскага райвыканкама, у тым ліку яго старшыня Фёдар Вішнеўскі.

“ У скарзе на імя Лідзіі Ярмошынай я прывожу канкрэтныя факты арганізацыі такіх сустрэч з выбаршчыкамі на прадпрыемствах у Хоцімскім раёне ў працоўны час, у прыватнасці, у СВК “Акцябр-Бярозкі” і ў Хоцімскім Райста, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Былі і іншыя сустрэчы, і паўсюдна іх арганізоўвалі падначаленыя Уладзіміру Краўцову супрацоўнікі Хоцімскага райвыканкама на чале з яго старшынёй Фёдарам Вішнеўскім. У той жа час мне не далі праводзіць пікет у дазволеным месцы, на хоцімскім стадыёне, забралі ў міліцыю “для дачы тлумачэнняў”. Пра якія “роўныя магчымасці” можа ісці размова?

Таму я патрабую ад ЦВК адмяніць рэгістрацыю Уладзіміра Краўцова ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у сувязі з незаконным выкарыстаннем ім адміністрацыйнага рэсурсу і даць мне на гэта пісьмовы адказ”.

Па словах Валерыя Каранкевіча, падобная ж скарга на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, накіраваная і ў акруговую камісію Крычаўскай выбарчай акругі № 83.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма