Віцебск: Аляксандр Мікулін патрабуе зняць з выбараў канкурэнта Мікалая Волкава
"Мікалай Волкаў – дзеючы дэпутат Віцебскага абласнога Савета. Але стараецца не згадваць пра гэта, балатуючыся ў парламент. Лічу, што ён свядома ўводзіць людзей у зман", -- кажа актывіст кампаніі "Гавары праўду" Аляксандр Мікулін. З гэтай нагоды ён і напісаў скаргу ў ЦВК.
"Лічу, што Цэнтарвыбаркам мусіць зняць з выбараў такога прэтэндэнта, які свядома пазбягае адказнасці за выкананне сваіх абавязкаў у якасці дэпутата абласнога Савета. Мае аргументы такія: дэпутат абласнога Савета мусіць мець значок і пасведчанне, прычым значок у дадзеным выпадку – гэта не калекцыйны рарытэт, а адзнака таго, што перад намі – прадстаўнік уладаў, да якога можна звярнуцца з пытаннем ці з нейкай праблемай. Але ж Мікалай Волкаў на афіцыйных фотаздымках, размешчаных на яго агітацыйных плакатах, не мае гэтай адзнакі".
Спадар Мікулін не спрачаецца з тым, што Мікалая Волкава добра ведаюць у Віцебску як выбітнага настаўніка матэматыкі. Яго вучні стала ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах па матэматыцы, прывозяць з усяго свету ўзнагароды і дыпломы, дэманструюць высокі ўзровень ведаў пры паступленні ў ВНУ Беларусі і Расіі.
"Але хто ведае, што зрабіў Мікалай Волкаў у якасці дэпутата? Каб ён вырашыў нейкую мясцовую праблему, камусці дапамог у складанай сітуацыі – гэта было б толькі "плюсам" для яго выбарчай кампаніі. А раз ён маўчыць, дык даводзіцца канстатаваць толькі адно: што настаўніцкая і дэпутацкая дзейнасць – гэта розныя сферы, і чалавек праяўляе сябе ў іх па-рознаму", -- лічыць А.Мікулін. Ён чакае ад ЦВК адказу на свае аргументы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма