Кандыдат прапануе жыхарам Наваполацку падтрымаць палітвязняў
Яраслаў Берніковіч, актывіст кампаніі "Гавары праўду", які балатуецца па Наваполацкай выбарчай акрузе №25, на агітацыйных пікетах гаворыць не толькі пра сябе – ён нагадвае навапалачанам і пра тое, што ў Беларусі застаюцца палітвязні. І што кожны ахвотны можа выказаць ім салідарнасць і падтрымку.
На пікеце Яраслава Берніковіча два стэнды. Адзін – з партрэтам кандыдата і палажэннямі Грамадзянскай дамовы, у межах якога працуюць удзельнікі кампаніі "Гавары праўду". Другі – з партрэтамі палітвязняў і адрасамі ўстановаў, дзе яны адбываюць тэрмін зняволення.
"Яшчэ там пазначаны дні народзінаў, так што кожны можа павіншаваць палітвязня, даслаўшы паштоўку. Можна і проста напісаць ліст – на стэндзе пазначаны адрасы. Я знарок выставіў гэтую інфармацыю побач з маім агітацыйным пікетам, бо лічу, што наяўнасць палітвязняў у нашай краіне – гэта адна з тых праблемаў, якая вымагае тэрміновага вырашэння. І пра тое, што ў турмах утрымліваюць людзей за апазіцыйныя погляды, нікому нельга забывацца", -- сказаў Яраслаў Берніковіч.
Паводле ягоных назіранняў, жыхары Наваполацка звяртаюць увагу на інфармацыю пра палітвязняў: мінакі прыцішваюць хаду, каб лепей разгледзець стэнд. І тыя, хто наважваецца распачаць гутарку з кандыдатам, таксама нярэдка хочуць абмеркаваць менавіта гэтую тэму.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма