Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: ідэолагі арганізуюць датэрміновае галасаванне

Напрыканцы мінулага тыдня Аддзел ідэалагічнай працы Салігорскага райвыканкаму распачаў працу па арганізацыі прымусовага датэрміновага галасавання. Ажыццяўляць ціск на жыхароў рэгіёна ідэолагі пачалі праз адміністрацыі мясцовых прадпрыемстваў. Пра гэта незележным назіральнікам паведамілі прадстаўнікі адразу некалькіх дзяржаўных ды прыватных установаў.

Да прапаганды датэрміновага галасавання далучыліся і дзяржаўныя СМІ Салігоршчыны. Адмысловыя інфармацыйныя матэрыялы з’явіліся на старонках газеты “Шахцёр”, у эфіры мясцовага радыё ды на Салігорскім тэлеканале. Актыўны ўдзел у папулярызацыі датэрміновага галасавання прыняла старшыня камісіі Салігорскай сельскай выбарчай акругіі Таццяна Ярота. Сваю вядомасць спадарыня Ярота атрымала яшчэ пад час мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Тады на ўзначальваемым ёю ўчастку пры падліку бюлетэняў са скрыні для датэрміновага галасавання за дзеючага кіраўніка краіны было “аддадзена” скандальных 98% галасоў. Гэткія лічбы значна адрозьнівалася ад вынікаў у асноўны дзень галасавання.

Каб зменшыць верагоднасць фальсіфікацыі выбараў, мясцовыя праваабаронцы заклікаюць жахароў Салігоршчыны адмовіцца ад удзелу ў датэрміновым галасаванні. Зрэшты, як сведчаць вынікі апытання сайта САЛІГОРСК.org, каля 86% выбаршчыкаў рэгіёну наогул не збіраюцца ісці на выбарчыя ўчасткі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма