Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Віцебску запрашаюць галасаваць нябожчыкаў. Другія выбары запар

Жыхарка Віцебску Вольга Каваленка ўжо другія выбары сустракае ў стане маральнага стрэсу: яе памерлых сваякоў упарта ўключаюць у спісы для галасавання. Гэтым разам спадарыня не вытрымала і напісала скаргу ў акруговую камісію.

Скаргу дапамог скласці кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксей Гаўруцікаў. Ён распавёў і дадатковыя падрабязнасці ў гісторыі з запрашэннямі на выбары:

"Вольга Каваленка атрымала запрашэнне на выбары, адрасаванае ейнаму мужу, які памёр яшчэ ў 2009 годзе. Адметна, што на прэзідэнцкія выбары 2010 года запрашэнне нябожчыку не прысылалі – "загадалі" пра яго толькі зараз. Але на мінулых выбарах спадарыня Вольга трапіла ў падобную сітуацыю, калі запрашэнні галасаваць даслалі яе памерлым бацьку і брату. Пагадзіцеся, гэта непрыемна, калі вось такім чынам лішні раз нагадваюць пра страты родных! Тады яна хадзіла ва ўчастковую камісію і прасіла навесці парадак – удакладніць спісы. Іх "удакладнілі": бацьку 1923 года нараджэння выкрэслілі, а на імя памерлага брата усё адно даслалі паўторнае запрашэнне. Відаць, не паверылі, што паміраюць не толькі старыя людзі…"

Напярэдадні парламенцкіх выбараў Вольга Каваленка вырашыла, што непавагі больш цярпець не будзе. І звярнулася ва ўчастковую камісію ўжо не з вуснай, а з пісьмовай скаргай.

Аляксей Гаўруцікаў датычна гэтай сітуацыі звяртае ўвагу на наступнае: падчас фармавання ўчастковых камісій ўвесь час падкрэслваецца, што туды бяруць толькі дасведчаных і адказных людзей. Якраз гэты тэзіс і агучваецца ў якасці тлумачэння, чаму ва ўчастковыя камісіі не маюць шанцаў трапіць апазіцыйныя і грамадскія актывісты. Аднак на самой справе выпадкі, калі сябры камсій працуюць абы-як, з недакладнасцямі і нават парушэннямі выбарчага заканадаўства, так што аргументы пра "вопыт" і "прафесіяналізм" тут не дзейнічаюць.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма