Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: Старшыня АВК папярэджвае, што назіральнікі могуць быць “агрэсіўнымі”

Інфармацыя пра гэта прагучала на паседжанні акруговай камісіі Грушаўскай выбарчай акругі №98. Там жа дыскусіі выклікала прапанова аднаго з сябраў камісіі Сяргея Вазняка, які прапанаваў праект рашэння, паводле якога забяспечваецца празрыстая працэдура падліку галасоў. Аднак астатнія сябры камісіі прагаласавалі супраць.

Праект рашэння Сяргея Вазняка ўтрымліваў рэкамендацыі па падліку галасоў. У прыватнасці, ён прапанаваў асобна лічыць галасы, аддадзеныя датэрмінова, асобна - сабраныя па месцы жыхарства выбаршчыкаў і асобна галасы, якія выбаршчыкі аддалі на ўчастку непасрэдна 23 верасня. Таксама рэкамендавалася дэманстраваць назіральнікам усе бюлетэні, каб яны маглі бачыць, за каго канкрэтна выбаршчыкі аддалі свой голас. У выпадку, калі ў сябра камісіі ўзнікаюць пытанні па падліку галасоў, прызначаць паўторны падлік. Па меркаванні Вазняка, сённяшняя працэдура падліку галасоў непразрыстая. “На паседжанні ён падкрэсліў, што кожны сябар камісіі асобна лічыць стос бюлетэняў, ягоныя калегі гэтыя бюлетэні не бачаць, выніковы пратакол падпісвае старшыня, які таксама не бачыў на свае вочы ўсе бюлетэні. Аднак гэтыя аргументы астатнія сябры камісіі палічылі неістотнымі. Яны заявілі, што з падлікам галасоў ніякіх праблемаў няма, таму змяняць працэдуру не мае сэнсу”, - паведаміла назіральніца ад Беларускага Хельсінскага камітэту Наталля Манькоўская.

На папярэднім паседжанні камісіі Сяргей Вазняк падняў пытанне аб мэтазгоднасці прысутнасці ў камісіі прадстаўніка Саюза ваенных маракоў Валерыя Бабука ў складзе камісіі, паколькі на пасяджэнні ён не з'яўляецца і ў працы камісіі не ўдзельнічае. Аднак астатнія сябры камісіі прапанову не падтрымалі. Пасля гэтага Сяргей Вазняк накіраваў адпаведны зварот у Мінгарвыканкам і Мінгарсавет.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма