У Віцебску падказваюць "патрэбнага" кандыдата
Дзіўную заканамернасць заўважылі назіральнікі Анатоль Родзік і Павел Левінаў. На ўзорах запаўнення бюлетэня, вывешаных на выбарчых участках, "галачка" стаіць насупраць парадкавага нумару так званага "праўладнага" кандыдата. Узоры ўжо вісяць у кабінах для галасавання.
Анатоль Родзік, назіральнік ад БХК пры Вцебскай Кастрычніцкай акруговай камісіі №20, паставіў пытанне пра ўзоры-падказкі на пасяджэнні камісіі:
"Як гэта так? У нашай акрузе дырэктар медкаледжу Аляксандр Цацоха ідзе пад чацьвёртым нумарам, і "галачка" стаіць у чацьвертым квадраціку. У суседняй акрузе, дзе балатуецца дэпутат аблсавету Мікалай Волкаў, ён дзе першым у спісе. І "галачка" у першым квадраціку. Так было і на прэзідэнцкіх выбарах некалі, калі Лукашэнка ішоў трэцім па спісе. Цяпер і ў нас перанялі гэтую практыку… Калі я паставіў гэтае пытанне, старшыня камісіі спачатку абурыўся: маўляў, гэта абуральна, і трэба выпраўляць. Але потым паўстала праблема: у каторым па ліку квадраціку намаляваць "галачку" для ўзору? У першым – нельга, там кандыдат ад партыі левых "Справядлівы свет" Вінаградаў… Тады старшыня пачаў крычаць, што я хачу сарваць выбары, і што за друкаваныя ўзоры заплачаны вялікія грошы".
Спадар Родзік прапанаваў перадрукаваць узор бюлетэня за кошт таго, хто даў рапараджэнне растаўляць "галачкі" такім парадку. Але высветліць, на якім ўзроўні яго аддавалі, не ўдаецца: у камісіі не кажуць, дзе друкаваліся матэрыялы – у Віцебску ці ў Мінску.
Тады назіральнік прапанаваў уласныя паслугі: раздрукаваць новыя ўзоры бюлетэня на ксераксе, уключыўшы ў спіс няіснага "Кандыдата №5", насупраць якога і паставіць "галачку". Таксама Анатоль Родзік запатрабаваў, каб узоры з "галачкамі" за "патрэбных" кандыдатаў былі знятыя з участкаў для галасавання, дзе іх ужо размясцілі па кабінках. Але камісія пакуль не пагадзілася ні на першае, ні на другое.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма