Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебск: датэрміновае галасаванне пачалося са студэнтаў і затрыманння назіральніка

Пра тое, што моладзь ідзе на выбарчыя ўчасткі падчас заняткаў, паведамілі адразу некалькі назіральнікаў, якія працуюць у Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №20.

Назіральнік Вадзім Кузьмін дзяжурыць на ўчастку №48 у ліцэі па вуліцы Лазо, ён распавядае: "Прыйшлі дзяўчаты, яўна падчас заняткаў. Іх павіншавалі, бо галасуюць упершыню, падарылі ім асадкі. А яны пачалі разглядаць партрэты кандыдатаў і кажуць:"Вось ён, вось!" Відаць, пазналі, за каго ім было загадана галасаваць, і пайшлі па кабінках".

Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД,  зранку працуе  на 76-м выбарчым участку: "І тут парушаецца артыкул 5 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. З заняткаў у Віцебскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме былі вызваленыя 15 студэнтаў для ўдзелу ў датэрміновым галасаванні".

Каля 14 гадзін  міліцыянты затрымалі актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Яўгена Гуцалава, які акрэдытаваны назіральнікам на 71-ым выбарчым участку. Яго затрымалі адразу ж пасля пачатку перапынку на выбарчым участку, прычыну затрымання спрабуюць высветліць ягоныя сябры і праваабаронцы. Яўген паспеў паведаміць, што за адну гадзіну з 10:00 да 11:00 паспелі прагаласаваць 10 дзяўчат з інтэрнату №2 Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма