Мінск: сябра акруговай камісіі ад партыі "Зялёныя" папрасілі "не дурыць галаву"
Прадстаўнік партыі "Зялёныя" Аляксандр Лагуцёнак, які з'яўляецца адным з сябраў акруговай камісіі сталічнай Заходняй акругі № 102, сутыкнуўся з грубіянствам з боку старшыні камісіі Аляксандра Буглака.
Перад пачаткам датэрміновага галасавання Лагуцёнак прапанаваў камісіі разгледзець дзве ініцыятывы. Па-першае, пашырыць правы назіральнікаў і дазволіць ім знаходзіцца ў месцах захоўвання скрыняў для галасавання, у тым ліку і ўначы. Па-другое, прадстаўнік "Зялёных" прапанаваў паасобна лічыць бюлетэні, атрыманыя падчас датэрміновага галасавання, атрыманыя ад асоб, не зарэгістраваных у акрузе, але тых, хто прыйшоў на ўчастак па месцы жыхарства, і бюлетэні, атрыманыя ў асноўны дзень галасавання.
Па словах Лагуцёнка, свае прапановы ён хацеў перадаць спачатку старшыні камісіі, але той параіў аддаць іх для азнаямлення сакратару. Пасля таго, як сакратар сказаў, што старшыня азнаёміўся з ініцыятывай, Лагуцёнк вырашыў зноў пагаварыць на гэтую тэму з Буглаком перад паседжаннем камісіі 17 верасня.
Па словах партыйца, старшыня спачатку заявіў, што не чытаў яго прапаноў, але потым сказаў, што ўсё ж азнаёміўся з імі. На прапанову абмеркаваць ініцыятыву на паседжанні Буглак папрасіў Лагуцёнка «не дурыць яму галаву» і «не лезці туды, куды не просяць», паколькі ў участковых камісій «ёсць свой талмуд», па якім яны будуць працаваць. Пад талмудам, верагодна, меўся на ўвазе дапаможнік для сябраў участковых камісій.
У цэлым, Лагуцёнк сцвярджае, што працягвае адчуваць ціск з боку астатніх сябраў камісіі. Да прыкладу, калі раней сябры акруговай камісіі дзівіліся таму, што Лагуцёнак па ўсіх важных пытаннях галасуе «супраць» альбо ўстрымліваецца, то цяпер нават пры вырашэнні тэхнічных пытанняў, як, напрыклад, зацвярджэнне колькасці ўчасткаў у акрузе, сябры камісіі дзівяцца, калі прадстаўнік “Зялёных” галасуе “за”.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма