Алесь Анціпенка: “Незалежныя СМІ сталі меньш актыўнымі ў асвятленні выбараў”
Кіраўнік маніторынгавай групы “Беларускай асацыяцыі журналістаў” адзначыў, што беларускія медыі не сталі інструментам сапраўднай палітычнай барацьбы падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі. Па меркаванні эксперта, гэта тлумачыцца тым, што ад выбараў стаміліся ўсе – выбаршчыкі, кандыдаты, журналісты і нават дзяржаўныя ідэолагі.
Падчас маніторынгу аналітыкі БАЖ прыйшлі да высновы, што выбары не сталі асноўнай тэмай беларускіх СМІ, хоць трэці этап кампаніі быў прысвечаны агітацыйнаму перыяду. Выбары па-ранейшаму саступаюць такім тэмам, як спорт і надвор’е.
У дзяржаўных СМІ асвятленне выбараў адбываецца па адной схеме: рэгіянальныя медыі на першае месца выводзяць мясцовыя ўлады і выбарчыя камісіі, рэспубліканскія – дзейнасць прэзідэнта, урада, ЦВК і таксама акруговых камісіяў. Паўсюль працу чыноўнікаў прэзентуюць станоўча. Па меркаванні Алеся Анціпенкі, гэта зладжаная праца ідэалагічных інстытуцыяў краіны.
У недзяржаўных СМІ тэма выбараў, часцей за ўсё, была прысвечана тэхнічным момантам кампаніі, якія мала цікавяць выбаршчыкаў.
“Уплыў як дзяржаўных, так і недзяржаўных медыяў, безумоўна, зменьшыўся. Калі параўнаць сітуацыю з парламенцкай кампаніяй 2008 года, то сёлета незалежныя СМІ сталі меньш актыўнымі. Цяпер яны меньш палярызаваныя ў сваёй ацэнцы, яны хутчэй схільныя да нейтральнай рэпрэзентацыі. Выключэнне –дзеянні ўладаў датычна выбарчай кампаніі, тут ацэнка ў незалежных СМІ негатыўная”, - адзначыў эксперт.
Да таго ж, у асвятленні гэтай выбарчай кампаніі адсутнічае хоць які крэатыў. “Адныя і тыя ж асобы, штампы, прыёмы - нічога новага. Апроч таго, у грамадстве шмат людзей, якія імкнуцца не вырашаць праблемы, а проста выйсці з праблемнай сітуацыі ў межах індывідуальных праектаў – хтосці з’язджае на Захад, хтосьці – на Усход, іншыя сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю, а яшчэ нехта проста едзе на лецішча капаць бульбу падалей ад палітычных пытанняў.. Яны не разлічваюць, што могуць змяніць эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне”, - дадае спадар Анціпенка.
Аналітыкі БАЖ зафіксавалі выпадкі палітычнай рэкламы. “Падчас тэледэбатаў гледачам прэзентавалі выбарчыя акругі. У гэтых сюжэтах падкрэслівалася, як шмат зроблена мясцовымі ўладамі па добраўпарадкаванні раёнаў і якія бліскучыя перспектывы чакаюць жыхароў у будучыні. Гэта, безумоўна, рэклама на карысць праўладных кандыдатаў, - заўважыў Алесь Анціпенка. – Але пры гэтым такой рэкламы значна меньш, чым у 2008 годзе. Паўтаруся, што ўсе стаміліся, у тым ліку і дзяржаўныя ідэолагі”.
Фота Еўрарадыё.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма